Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску адмысловай заявай абвергла паведамленьні Беларускае тэлевізіі пра намеры былога амбасадара Дэніэла Спэкгарда ўвесьці супраць Беларусі гандлёва-эканамічныя санкцыі ды выключыць краіну з АБСЭ.

Амэрыканская амбасада ў Беларусі ўпершыню адрэагавала сёньня на абвінавачваньні дзяржаўнае тэлевізіі на адрэсу былога амбасадара Дэніэла Спэкгарда, які нібыта, цытую, "заклікаў ЭўраЗьвяз ад імя адміністрацыі ЗША ўвесьці гандлёвыя санкцыі супраць Беларусі на сустрэчы ў Цэнтры Маршала ў Гарміш-Партэнкірхэне".

Сьцьверджаньні "Панарамы" ды "Рэзанансу" — суцэльная хлусьня, зазнчаецца ў сёньняшняй заяве амэрыканскае амбасады:

"Па-першае, амбасадар Спэкгард ня быў у Гарміш-Партэнкірхэне зь лютага 1998 году. Для амбасадара Спэкгарда было б немажліва зрабіць камэнтар пра нядаўнія палітычныя падзеі ў Беларусі для аўдыторыі ў Цэнтры Маршала, калі ён ня быў там амаль тры гады", — заяўляе місія ЗША ў Менску.

"Па-другое, амбасадар Спэкгард ніколі не заклікаў да эканамічных і гандлёвых санкцыяў супраць Беларусі. Нарэшце, амбасадар Спэкгард не прамаўляў ад імя адміністрацыі ЗША з таго часу, як ён пакінуў Менск, бо цяпер ён працуе для ўсіх 19-ці краінаў NATO ды падначалены генэральнаму сакратару лорду Робэртсану", — зазначае амэрыканская амбасада.

Яе колішні кіраўнік Дэніэл Спэкгард напісаў 11 сьнежня адмысловы ліст беларускаму амбасадару ў Брусэлі, дзе назваў паведамленьне Беларускае тэлевізіі "фабрыкацыяй ад пачатку да канца". Спадар Спэкгард, паводле паведамленьня амбасады ЗША ў Менску, быў узрушаны дурной прыродаю намаганьня паўплываць на грамадзкую думку праз такую відавочную хлусьню, а таксама быў глыбока заклапочаны спробамі Беларускае тэлевізіі зганіць ягонае імя ў вачох беларускае публікі.

Амэрыканская амбасада заклікала Беларускую тэлевізію, цытую, "знайсьці мужнасьць ды аб'ектыўнасьць прызнаць ілжывую прыроду згаданага паведамленьня ды выпусьціць у эфір публічнае абвержаньне, адпаведнае таму шырокаму распаўсюджваньню, што гэтае паведамленьне атрымала ў праграмах "Панарама" ды "Рэзананс".

Цікава, што сёньня пытаньне пра КНГ АБСЭ ды ўплыў на яе колішняга амэрыканскага амбасадара Спэкгарда ніяк не раглядалася на сэсіі гэтак званае "Палаты прдстаўнікоў", хаця Беларуская тэлевізія ўжо чатыры дні працягвае паліваць брудам заходніх дыпляматаў у Беларусі.

Вось што сказаў з гэтае нагоды дэпутат палаты Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) "Беларускае тэлебачаньне – гэта дзяржаўнае тэлебачаньне, таму, мабыць, тое, што было заяўлена па дзяржаўным тэлебачаньні, гэта ўжо погляд дзяржаўных чыноўнікаў. Гэта па-першае. Па-другое, мне здаецца, што такія заявы тэлебачаньня недапушчальныя".

Заявіў спадар Пашкевіч, які раней быў намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі ў справах ідэалёгіі.

XS
SM
MD
LG