Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Хутка закончыцца 2000 год, а помніка Сталіна ў райцэнтры Сьвіслач пакуль яшчэ няма. Але ў наступным годзе абавязкова павінен зьявіцца. Рэч у тым, што гэтак вырашыла сэсія раённага Савету.

Параўнаўча нядаўна ў Сьвіслачы зьявіўся невялікі пастамэнт. Жыхары былі зьдзіўлены – навошта ён? Аказваецца, на ім павінен стаяць бюст Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Высьветлілася, што яшчэ ўлетку сэсія раённага Савету вырашыла гэта большасьцю галасоў. Толькі двое з дэпутатаў былі супраць.

Сталінскі бюст заманулася паставіць мясцовым вэтэранам. Яны зьвярнуліся да ўладаў. Улады пайшлі насустрач. А каб не было шуму, рашэньне сфармулявалі нэўтральна – "Аб стварэньні галерэі помнікаў у Сьвіслачы". Рашэньне гэтае не было апублікавана ў мясцовай газэце, як гэта робіцца звычайна. Чыноўнікі баяцца гаварыць аб падрабязнасьцях журналістам.

Я вырашыў зьвярнуцца да чалавека нэўтральнага – старога мясцовага краязнаўцы Аляксандра Палубінскага. Аднак атрымалася, што ён мае непасрэднае дачыненьне да гэтай гісторыі. Гады тры таму пасьля рэканструкцыі плошчы перад райвыканкамам ленінскую статую вырашана было перанесьці ў сквэр, дзе стаялі помнік савецкім салдатам і аднаму з кіраўнікоў паўстаньня 1863-га году – Рамуальду Траўгуту. Апошні пры Саветах быў пашкоджаны, але яго аднавілі на пачатку 90-х гадоў.

Ленін, дарэчы, выкананы быў вельмі халтурна. Да ўсяго яшчэ, па словах краязнаўцы, яму адломвалі галаву і рукі. Такім чынам, Уладзімір Ільліч апынуўся ззаду салдацкага помніка. А тут у саўгасе Вердамічы быў знойдзены сталінскі бюст. "Людзі захавалі яго, –зазначыў мне Аляксандар Палубінскі. Таму і ўзьнікла задума паставіць яго, каб не валяўся. Каб не знайшлі гатовы, думка зрабіць новы нікому б не прыйшла да галавы," – падкрэсьліў мой суразмоўца.

Вырашана было зрабіць галерэю помнікаў, у тым ліку паставіць туды і бюст Кастуся Каліноўскага. Трэба сказаць, што адзіны ў краіне бюсьцік кіраўніка паўстаньня, які быў бясплатна зроблены Заірам Азгурам, стаіць у Сьвіслачы, праз вуліцу ад помніка салдатам. Аднак ён вельмі прымітыўны. Таму вырашана зьняць яго і перанесьці ў музэй. А з музэя забраць іншы бюст Каліноўскага работы вядомага скульптара Грубэ.

У выніку абапал помніка Траўгуту, аздобленага польскімі арламі, на сёньня зьявіліся два пастамэнты. Справа ад яго паставяць таварыша Сталіна, зьлева – Каліноўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG