Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Алена Радкевіч, Прага

Вярхоўны Суд ЗША разглядае сёньня аргумэнты адвакатаў Джорджа Буша і Альбэрта Гора. Буш дамагаецца, каб пералік галасоў у Флярыдзе быў забаронены; Гор настойвае на ручным пераліку так званых "спрэчных" бюлетэняў. Рашэньне Вярхоўнага суду ЗША ўжо называюць гістарычным, бо ад яго фактычна залежыць вынік барацьбы за Белы Дом.

Адвакаты віцэ-прэзыдэнта Гора і тэхасскага губэрнатара Буша прадставілі свае справы Вярхоўнаму суду. Вышэйшы ворган амэрыканскага правасудзьдзя павінен вызначыць асобу наступнага прэзыдэнта ЗША. На думку назіральнікаў, у цяжэйшай сытуацыі – Гор, бо ў сыботу пяцёра судзьдзяў з дзевяцёх выказаліся за часовае прыпыненьне ручнога пераліку галасоў у Флярыдзе, і ёсьць падставы меркаваць, што сёньняшняе іхнае рашэньне будзе ў тым жа рэчышчы.

Аргумэнты дэмакратаў палягаюць у тым, што суд павінен прызнаць правы выбаршчыкаў на тое, каб іхныя галасы былі ўлічаныя, у той час як адвакаты рэспубліканцаў сьцьвярджаюць, што суд павінен спыніць спробы зьмяніць выбарчыя правілы ўжо пасьля галасаваньня.

У сваіх публічных заявах кожны з бакоў пачаў значна прыглушаць сваю рыторыку, імкнучыся супакоіць нацыю: маўляў, пасьля завершаньня барацьбы надыйдзе час прымірэньня.

На пытаньне, ці павінен Гор прызнаць сваю паразу ў выпадку, калі суд прыме рашэньне не на ягоную карысьць, многія палітыкі і аналітыкі адказваюць: "Так". Тымчасам для Буша змаганьне працягнецца і ў выпадку, калі суд выкажацца супраць яго, бо тэхасскі губэрнатар можа спадзявацца на заканадаўчы ворган Флярыды, дзе пераважаюць рэспубліканцы, і які можа даслаць у калегію выбаршчыкаў ляяльных да Буша прадстаўнікоў.

Рэспубліканскія лідэры заяўляюць, што будуць настойваць на тым, каб Палата і Сэнат правялі сёньня асобныя слуханьні па рэзалюцыі, у якой назавуць 25 выбаршчыкаў ад Флярыды. У аўторак такую рэзалюцыю павінна прыняць Палата прадстаўнікоў, у сераду – сэнат, але сёньняшняе паседжаньне Вярхоўнага суду можа зрабіць гэта неабавязковым.

У выпадку, калі Гор будзе прызнаны пераможцам у выніку ўхваленага судом пераліку, рэспубліканцы сфармуюць альтэрнатыўную каманду выбаршчыкаў для ўдзелу у Калегіі, і тады Кангрэс будзе абіраць паміж дзьвюма групамі.

Дэмакраты ў сваю чаргу папярэджваюць, што калі спрэчныя бюлетэні афіцыйна ня будуць пералічаныя, журналісты і навукоўцы ў канчатковым выніку дабяруцца да іх, бо заканадаўства Флярыды прадугледжвае вольны доступ грамадзкасьці да дакумэнтаў. Гэта можа прывесьці да абвешчаньня іншых – неафіцыйных – вынікаў галасаваньня, якія будуць сведчыць, што прэзыдэнт насамрэч незаконна займае сваю пасаду, бо выбары прайграў.

У Флярыдзе ўчора быў дзень няпэўнасьці для соцень чыноўнікаў і юрыстаў. Калі суд Флярыды прыпыніў новы пералік, бюлетэні былі перавезеныя з падліковых цэнтраў назад у сховішчы, але прадстаўнікі абодвух кандыдатаў заявілі, што гатовыя аднавіць працу, калі Вярхоўны суд выкажацца на карысьць Гора.

Прадстаўнікам выбарчых камісіяў забаронена разгалошваць прамежкавыя вынікі пераліку. Аднак, паводле дэмакратаў, пералік ужо прынес Гору дадатковыя 58 галасоў, што яшчэ больш скарачае ягоны адрыў ад Буша. У той жа час суперны бок сьцьвярджае, што пералік у традыцыйна рэспубліканскім штаце Маямі-Дэйд ужо ў сыботу дадаў больш як 40 галасоў Бушу.

Нядзелю абодва кандыдаты правялі па-рознаму. Гор у Александрыі наведаў царкву, дзе маліўся за краіну "у гэты вірлівы час". Буш жа ў сталіцы Тэхасу Осьціне наладзіў калядны прыём.

XS
SM
MD
LG