Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Сёньня а чацьвертай гадзіне раніцы ў Ніцы закончыўся найдаўжэйшы за ўсю гісторыю, саміт лідэраў Эўразьвязу. Насуперак ранейшым спадзяваньням, пасьля пяці дзён гарачых дыскусіяў эўрапэйскія лідэры дасягнулі кампрамісу ў пытаньні ўнутраных рэформаў, якія ў выніку даюць магчымасьць прыняць у Зьвяз новыя краіны.

"Саміт у Ніцы ўвойдзе ў гісторыю, як той, які ўпарадкаваў Эўразьвяз," – заявіў ў часе заключнай прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. У адказ на некаторыя крытычныя галасы, старшыня Эўракамісіі Рамана Продзі сказаў:

"Я не магу хаваць ад вас несумненнага шкадаваньня, што мы ня здолелі дасягнуць болей".

Бадай асноўным спрэчным пытаньнем саміту было пераразьмеркаваньне ўплываў паасобных краінаў ў выканаўчых структурах Эўразьвязу. Нямеччына са сваёй квітнеючай эканомікай і 80 мільёнамі жыхароў дамагалася для сябе адэкватнага статусу ў Радзе міністраў Эўразьвязу, інакш кажучы, уплыву на важныя рашэньні альянсу. Не пагаджаліся з гэтым чатыры астатнія вялікія краіны: Францыя, Велікая Брытанія, Італія і Гішпанія. Адчуваючы сябе пакрыўджанымі, малыя краіны, найперш Бэльгія і Партугалія, цягам ўсяго ўчорашняга дня блякавалі пагадненьне, аднак нарэшце саступілі. Як заявіў канцлер ФРГ Шрэдэр:

"Канешне можна было сабе ўяўляць, што вялікія краіны атрымаюць больш галасоў, але я думаю, што нас задавальняе і тое, што было вырашана. Гэтак заўсёды бывае, калі маем дачыненьне з пытаньнем ўлады".

Нямеччына, гэтак як Францыя, Велікая Брытанія ды Італія атрымала 29 галасоў, Гішпанія – 28, Галяндыя – 13, Бэльгія, Грэцыя і Партугалія па 12, Швэцыя і Аўстрыя па 10, Данія, Фінляндыя ды Ірляндыя па 7 галасоў, і Люксэмбург – 4.

Для краінаў, якія прэтэндуюць на членства ў Эўразьвязе, галоўнае, што эўрапейскія лідэры пранцыпова згадзіліся прыняць у недалёкай будучыні 12 новых краінаў, пераважна з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Ужо вядома, колькі галасоў будуць мець ў будучыні новыя сябры Зьвязу: Польшча – 28, Румынія – 14, Чэхія і Вугоршчына – па 12, Балгарыя – 10, Славаччына і і Літва-7, Латвія, Эстонія і Кіпр – па 4, а Мальта – 3 галасы.

Акрамя вышэй згаданага разьмеркаваньня галасоў ў Радзе міністраў Эўразьвязу, якая агулам будзе налічваць 346 галасоў, у Ніцы быў вырашаны таксама склад Эўракамісіі. Зараз яна агулам налічвае 20 сяброў. Па два прадстаўнікі маюць: Францыя, Велікая Брытанія, ФРН, Італія і Гішпанія, а ўсе астатнія краіны – па адным. Пасьля прыняцьця 12-ці новых краінаў, усе 27 краінаў будуць мець толькі па адным прадстаўніку.

Таксама Эўпарлямэнт, які зараз налічвае 626 дэпутатаў, пасьля прыняцьця новых краінаў, будзе налічваць 738 парлямэнтароў. Эўрапейскія лідэры згадзіліся захаваць права вэта паасаобных краінаў ў такіх пытаньнях, як падаткі, сацыяльнае забесьпячэньне, іміграцыя і ахова інтэлектуальнай ўласнасьці. Аднак для прыняцьця іншых пастановаў, дастаткова будзе альбо гэтак званай канстытуцыйнай, альбо звычайнай большасьці – дзьвюх трацінаў галасоў. Малыя краіны згадзіліся даць тром вялікіх краінам на чале з ФРН права вэта ў дачыненьні да некаторых рашэньняў.

Наступны раўнд перамоваў, прысьвечаных унутраным рэформам ў Эўразьвязе, заплянаваны на 2004 год. Эўрапейскія лідэры абмяркуюць падзел паўнамоцтваў паміж цяперашнімі і будучымі сябрамі, ухваляць Хартыю Фундамэнтальных Правоў, а таксама
спросьцяць існуючыя дагаворы.

Такім чынам, ужо у бліжэйшыя 4-5 гадоў, Эўразьвяз наблізіцца да заходняй і паўночнай межаў Беларусі. Ён будзе налічваць 500 мільёнаў насельніцтва і значна павялічыцца ягоны ўклад у глябальную эканоміку.

А якія могуць быць вынікі Эўрасаміту менавіта для Беларусі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да каардынатара міжнародных справаў "Хартыі-97" Андрэя Саньнікава:

(Саньнікаў: ) "Я магу толькі адзначыць, што гэтыя вынікі, на жаль, для Беларусі адмоўныя, перш за ўсё з прычыны палітыкі самой Беларусі. Вось зараз у Эўразьвязе адбываюцца вельмі складаныя працэсы: эканамічныя, палітычныя. Беларусь ніякім чынам не ўдзельнічае ў гэтых працэсах, яна нават не вызначылася ў гэтым сэнсе. Няма супрацоўніцтва, няма нават кантактаў з Эўразьвязам, і таму мы будзем мець справу ўжо з Эўразьвязам, які ня будзе ўлічваць інтарэсаў Беларусі. Гэта значыць, што калі адбудзецца пашырэньне Зьвязу, калі будуць рэфармаваныя ўстаноўчыя дакумэнты, тады Беларусь, штопраўда, можа нейкім чынам далучыцца да гэтых працэсаў, але ж палітыка самога Эўарзьвязу будзе ўжо сфармаванай, і ніякага ўплыву нашая краіна ня будзе мець. Вынікі саміту некарысныя для Беларусі менавіта з прычыны той палітыкаі, якую зараз праводзяць улады Беларусі, бо краіна, якая знаходзіцца ў Эўропе, павінна ведаць, што адбываецца ў Эўропе. Межы Эўразьвязу наблізіліся да межаў Беларусі, і ўзьнікаюць складаныя пытаньні, зьвязаныя ня толькі з эканомікай, палітыкай і гандлем, але і з адмоўнымі зьявамі, такімі як злачынствы і гэтак далей. Калі краіна з прычыны сваёй палітыкі ня мае на гэтыя справы ніякага ўплыву, гэта несумненна дрэнна".

Сказаў Андрэй Саньнікаў.

У кожным разе, незалежна ад канкрэтных датаў, саміт ў Ніцы падрыхтаваў падмурак для экспансіі Эўразьвязу. Раней ці пазьней адбудзецца гістарычнае далучэньне да дэмакратычнага клюбу, былых камуністычных краінаў цэнтральнай і ўсходняй Эўропы. Пэрспэктыва ўступленьня ў Эўразьвяз азначае для гэтых краінаў цывілізацыйны і эканамічны скачок. Неабходнасьць прыстасаваньня да эўрастандартаў змабілізуе краіны-кандыдаты да паскарэньня эканамічных і дэмакратычных рэформаў ў інтарэсе краіны і ейнага насельніцтва. Сярод гэтага элітнага клюбу знойдуцца блізкія суседзі Беларусі: балтыйскія дзяржавы і Польшча.

Пэрспэктывы Беларусі залежаць ад зьмены цяперашняга палітычнага і эканамічнага курсу.

XS
SM
MD
LG