Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

(эфір 9 сьнежня)
Паводле рашэньня Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў, усе партыі і арганізацыі, якія ў яе ўваходзяць, павінны вызначыцца са сваімі прапановамі адносна прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад "Аб'яднанай дэмакратычнай кааліцыі"…

Сёньня абмеркаваньне гэтай праблемы і рэйтынгавае галасаваньне па магчымых кандыдатурах праводзілі Нацыянальны камітэт АГП і Сойм партыі БНФ.

У адрозненьне ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сойм Партыі БНФ, што пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, сёньняшняе паседжаньне, прысьвечанае праблеме адзінай кандыдатуры на прэзыдэнцкіх выбарах ад "Аб'яднанай дэмакратычнай кааліыцыі" і рэйтынгавае галасаваньне праводзіў за зачыненымі дзвярыма.

Рашэньне Сойму - даручыць кіраўніцтву партыі БНФ весьці кансультацыі зь іншымі дэмакратычнымі партыямі і ў рамках Каардынацыйнай Рады Дэмакратычных Сілаў, зыходзячы з вынікаў гэтага галасаваньня. На Сойме абмяркоўвалася некалькі вядомых у грамадзтве палітыкаў, пераважна беспартыйных, - экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра, лідэра "Гарадзенскай ініцыятывы" Сямёна Домаша, старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, экс-міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава, некалькіх прафсаюзных лідэраў.

Прадстаўнікоў БНФ у сьпісе для рэйтынгавага галасавання не было.

Гаворыць лідэр Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) "Нашыя структуры на месцах абмяркоўвалі магчымыя кандыдатуры, якія Фронт у складзе "Аб"яднанай дэмакратычнай кааліцыі" мог бы падтрымаць у якасьці прэтэндэнта на званьне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Партыя БНФ і БНФ "Адраджэньне" не вылучаюць свайго кандыдата, а выказваюць гатовасьць падтрымаць пэўнага прэтэндэнта як адзінага кандыдата".

Вінцук Вячорка паведаміў, што да 15 сьнежня вынікі сёньняшняга рэйтынгавага галасавання сяброў Сойму БНФ адносна кандыдатуры адзінага кандыдата ад дэмактарычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году аб'яўляцца ня будуць. Пры гэтым зусім не абавязкова, што БНФ будзе падтрымліваць толькі адну кандыдатуру, магчыма, і некалькі, з тым каб урэшце дасягнуць кампраміс, ня толькі з партыямі, але і з уплывовымі недзяржаўнымі арганізацыямі, прафсаюзамі, шырокімі грамадзкімі рухамі. Галоўнае, каб урэшце рэшт была знойдзеная адзіная кандыдатура. Так лічыць Вінцук Вячорка.

Як высветлілася на Сойме, частка актывістаў БНФ загадзя вызначылася з кандыдатамі. У прыватнасьці, на Гарадзеншчыне падтрымліваюць Сямёна Домаша.

Гаворыць актывіст зь Ліды Станіслаў Суднік:

(Суднік: ) "З тым кандыдатам, якога мы будзем падтрымліваць, мы ўжо адназначна вызначыліся. У Лідзе ў нас будзе супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі арганізацыямі больш-менш нацыянальнага кшталту
-Паведаміў Станіслаў Суднік. Але разам з тым ён прызнаў, што будуць рабіцца усе намаганьні, каб не з-за розных кандыдатураў не з'явілася расколу ў дэмакратычных шэрагах. Калі будзе дапушчаная нейкая дыскрымінацыя таго кандыдата, якога падтрымліваем мы, і нешта будзе зробленае ня так Менскам, то мы ня будзем падпарадкоўвацца нікому. Мы будзем падтрымліваць Домаша. Уся рэгіянальная Беларусь зараз падтрымлівае Домаша".

Пошук адзінага кандыдата - справа далікатная і наздвычай адказная,- прызнае намеснік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Менавіта таму такія асьцярожныя дзеяньні БНФ, каб нашыя крокі не былі ўспрынятыя іншымі палітычнымі суб"ектамі як нейкі прымус ці нелькі ўльтыматум. Бо, калі ня будзе вытрыманы менавіта фармат, што аб"яднаная апазыцыя вылучае адзінага кандыдата, ясна, што на посьпех спадзявацца мы ня можам".

Чым скончацца міжпартыйныя кансультацыі, на якой кандыдатуры спыняцца дэмакраты пакуль гаварыць заўчасна. Лідэры апазыцыі зазначаюць, што канчатковай мэтай гэтага працэсу зьяўляецца стварэньне аб'яднанай перадвыбарчай кааліцыі дэмакратычных сілаў з адзіным кандыдатам, якая магла б разлічваць на перамогу.

Застаецца, праўда, пытаньне, на які час усё ж будуць прызначаныя выбары - на восень ці на вясну. Паколькі нельга выключыць, што ўлада можа прызначыць выбары і датэрмінова, дык на Сойме БНФ вырашылі рыхтавацца да хутчэйшага варыянту развіцьця падзеяў - каб і вясною, і восеньню быць падрыхтаванымі да выбараў новага прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG