Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Кіраўнік Менскага гарадзкога выканкаму Міхал Паўлаў сваім вусным распараджэньнем забараніў менскім крамам прымаць у камэрцыйных структураў сьпіртовыя напоі беларускае вытворчасьці. Цяпер беларускую гарэлку ў сталічныя крамы могуць пастаўляць толькі яе вытворцы, а не пасярэднікі. У Міністэрстве гандлю называюць такое рашэньне незаконным і антыканстытуцыйным.

Кіраўнік сталічнага выканкаму Міхал Паўлаў зрабіў вуснае распараджэньне, у адпаведнасьці зь якім усе менскія крамы да Новага году ня могуць набываць беларускую гарэлку праз камэрцыйныя структуры. Ім належыць браць сьпіртовыя напоі непасрэдна на заводах.

Як мяркуюць бізнэсоўцы, гарадзкія ўлады ня маюць права ўмешвацца ў справы гандлёвых прадпрыемстваў і дыктаваць ім свае ўмовы, бо бальшыня менскіх крамаў — прыватныя. Да таго ж, паводле кіраўніка ўправы арганізацыі гандлю і абароны правоў спажыўцоў Міністэрства гандлю Генадзя Мельніка, вуснае распараджэньне Міхала Паўлава ня мае законнае сілы.

(Мельнік: ) "Яно мусіць быць зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі, але ў адпаведнасьці з усімі дакумэнтамі, што я маю, такога распараджэньня няма. Я яго ня бачыў і не чытаў. Але ўсе кажуць, што такое распараджэньне існуе.

На жаль, у нас пакуль "тэлефоннае" права яшчэ ніхто не адмяніў. Але, калі такое распараджэньне ёсьць, дык яно супярэчыць закону й Канстытуцыі", — зазначыў Генадзь Мельнік.

Дырэктары менскіх унівэрсамаў у бальшыні паслухмяна выконваюць распараджэньне Міхала Паўлава. Я патэлефанавала ў некаторыя сталічныя крамы. Ва ўнівэрсаме "Заходні" таваразнаўца распавяла пра тое, што дырэктар забараніў ім прымаць сьпіртовыя напоі ад камэрцыйных фірмаў. Ва ўнівэрсаме "Эўрапейскі" кіраўніца гандлёвага аддзелу таксама спаслалася на вуснае распарджэньне Паўлава:

"Шчыра кажучы, яно ўвесь час дзейнічае. Мы ў пасярэднікаў прадукцыю не бярэм. Гэта ня сёньня ўзьнікла, гэтая эпапэя цягнецца вельмі доўга. А цяпер найбольш востра", — распавяла кіраўніца гандлёвага аддзелу ўнівэрсама "Эўрапейскі".

Цікава, што для бальшыні бізнэсоўцаў рэалізацыя сьпіртовых напояў ёсьць вымушаным захадам. Напрыклад, фірма "Аўган-вэт" пастаўляе сыравіну на завод "Крышталь", але там зь ёю разьлічваюцца не грашыма, як належыць, а гарэлкаю, якую потым бізнэсоўцы і вымушаныя рэалізоўваць. Цяпер яны ня маюць такое магчымасьці.

Дарэчы, крамам больш зручна працаваць менавіта з прадпрымальнікамі, бо яны больш гнуткія — здаюць тавар на рэалізацыю, тады як сьпіртазаводы заўжды патрабуюць папярэдняю аплату. Бізнэсоўцы лічаць вуснае распараджэньне Міхала Паўлава грубым умяшаньнем у сфэру прыватнага бізнэсу й чарговай дыскрымінацый прадпрымальнікаў.

XS
SM
MD
LG