Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Прэзыдэнт канцэрну "Белнафтахім" Іван Бамбіза першым зь дзяржаўных кіраўнікоў зрабіў справаздачу ў выніках працы за 2000 год. Вынікі, традыцыйна, — несуцяшальныя.

Упершыню кошт перапрацоўкі нафты на беларускіх прадпрыемствах наблізіўся да ўсясьветных коштаў. Кіраўнік дзяржаўнае структуры вымушаны быў згадзіцца, што цяперашнія кошты на нафтавыя прадукты паступова робяцца неадольнымі для мясцовых спажыўцоў. Расея, нягледзячы на заявы пра інтэграцыйныя памкненьні, працягвае пастаўляць нафту па ўсясьветных коштах, а менавіта — $179 за тону, у той час, як ейны сабекошт у Расеі складае $45–60.

Спадар Бамбіза тлумачыць розьніцу тым, што практычна кожная расейская нафтавая кампанія мае ўласны нафтаперапрацоўны комплекс, што зводзіць спадарожныя выдаткі да мінімуму:

"Балянсавы прыбытак нафтавых кампаніяў Расеі фармуецца ад канчатковае прадукцыі. У дачыненьні жа да нас дзейнічаюць яшчэ падатак на дадатковы кошт, акцызы і экспартныя мыты. Але нават самы ільготны рэжым з боку Расеі ня вырашыць праблему: на жаль, падаткі на нафтавыя прадукты ў нас нашмат вышэйшыя, чым у Расеі. І гэта таксама даводзіцца ўлічваць пры фармаваньні кошту".

Гаварыў Іван Бамбіза.

Няма адказу й на пытаньне, ці можна чакаць выраўноўваньня коштаў на паліва ў рэчышчы інтэграцыйных захадаў беларускага ды расейскага кіраўніцтва. Паводле Івана Бамбізы, пакуль гэта наўрад ці магчыма.

Цяперашні дысбалянс адмоўна адбіваеццася перш за ўсё на попыце. У параўнаньні зь мінулым годам адставаньне ў рэалізацыі нафтавых прадуктаў склала ў сярэднім 12% (у прыватнасьці, бэнзыну — 10%, дызелю — 5,5%, мазуту — ажно 20%). Розьніца паміж канчатковым коштам на АЗС у Расеі і Беларусі сёлета дасягнула рэкорднай адзнакі — больш, чым у 1,5 разы. Самы папулярны, 92-гі бэнзын, у Расеі і Беларусі зараз каштуе адпаведна 30 і 52 цэнты за літар, дызэльнае паліва — 26 і 38. Упершыню коштавы паказьнік за паліва перавысіў адзнаку 50 цэнтаў.

Жыхары памежных з Расеяй раёнаў Беларусі стала асвоілі шляхі да залівачных станцыяў за ўмоўнай мяжою. Між іншым, ёсьць і лічбы, так бы мовіць, ільготнага рэзэрву. Нягледзячы на тое, што аграпрамысловы комплекс ёсьць асноўным даўжніком ня толькі канцэрну "Белнафтахім", але й дзяржавы ўвогуле, урад працягвае фінансаваць загадзя стратныя прадпрыемствы шляхам адмысловых коштаў. Так, 76-ы бэнзын і дызэльнае паліва для сельгаспатрэбаў складаюць толькі 45% ад рэальнага кошту, мазут — 65% і 92-гі — 69%. Пры гэтым з $20 млн, што павінны канцэрну дзяржаўныя структуры, $12 млн на сумленьні аграпрамыславікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG