Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

(эфір 10 сьнежня)
Пяцёра затрыманых – вынік акцыі ў Берасьці…

У Гарвыканкам было пададзена ажно 5 заявак з просьбай дазволіць правесьці 10-га сьнежня пікеты ў розных месцах Берасьця. Але ўлады станоўча зрэагавалі толькі на адзіную заяўку і далі дазвол на правядзеньне акцыі з нагоды дня правоў чалавека на стадыёне "Будаўнік".

Аўтарам астатніх заявак было адмоўлена, але такі адказ не задаволіў тых грамадзянаў, хто пажадаў правесьці пікет у іншых месцах. І сёньня несанкцыянаваная акцыя была распачата каля ўваходу ў цэнтральную унівэрсальную краму.

На думку старшыні берасьцейскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзіміра Вялічкіна, у цяперашніх умовах гэтая акцыя мусіла ня толькі нагадаць пра дзень правоў чалавека. Гаворыць Уладзімір Вялічкін:

(Вялічкін: ) "Другая падстава, чаму мы вырашылі праводзіць пікет у іншым месцы, ня ў тым, які прапанавала ўлада, - мы лічым, што адмовы ўладаў дазволіць нам праводзіць акцыі ў заплянаваных месцах – гэта парушэньне нашых грамадзянскіх правоў".

Гэтыя словы Ўладзімір Вялічкін гаварыў напачатку пікету, які працягваўся паўтары гадзіны і быў спынены супрацоўнікамі міліцыі.

Дзеяньнямі міліцыянтаў спэцыяльна кіраваў начальнік Ленінскага РАЎС Берасьця Аркадзь Касьцючык. Ён загадаў удзельнікам акцыі цягам 3-х хвілінаў разысьціся, бо іх абвінавацяць ня толькі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету, але і ў непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.

Пасьля гэтых пагрозаў акцыя не было спыненая. Тады міліцыянты затрымалі Ўладзіміра Вялічкіна, Сяржука Бакуна, Яўгена Бялахіна, Алега Дыдышку і Кірыла Данько і адвезьлі ў пастарунак.

Паводле апошняй інфармацыі, начальнік РАЎС загадаў, каб гэтыя 5 асобаў да суду знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Што да санкцыянаванай уладамі акцыі на стадыёне "Будаўнік", яна прайшла адносна спакойна, калі не лічыць, што на яе завіталі шмат міліцыянтаў.

Сёньня ж прайшоў пікет у Кобрыне, які быў дазволены ўладамі ў цэнтры гораду. А вось у Бярозе мясцовыя ўлады замест як у цэнтры далі дазвол на правядзеньне акцыі на левай бегавой дарожцы стадыёна. Мясцовыя праваабаронцы палічылі бессэнсоўным праводзіць там пікет.

XS
SM
MD
LG