Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

(эфір 10 сьнежня)
Сёньня ў Горадні адбыліся тры пікеты з нагоды Дня правоў чалавека. Яны былі праведзеныя з дазволу ўладаў.

Гараджанам раздаваліся ўлёткі з паасобнымі артыкуламі Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. У іх таксама паведамлялася аб парушэньнях нормаў Дэклярацыі гарадзенскай міліцыяй. Два пікеты арганізаваў БНФ "Адраджэньне", а трэці – Маладая Грамада. Апошні – у занёманскай частцы гораду – быў самым людным. На яго сабралася каля сарака чалавек – з розных партый.

Адным з арганізатараў гэтага пікету была Сьвятлана Нех. Учора яе затрымала міліцыя – за ўдзел у недазволеным пікеце. У пастарунак у суботу трапілі агулам пяць чалавек. Выпадковага мінака, які спыніўся каля маладзёнаў, адпусьцілі адразу. Крыху пазьней выпусьцілі Алесю Сідлярэвіч з газэты "Пагоня". Сярод затрыманых апынуўся паляк Пётар Цішэўскі – студэнт з Варшавы. Міліцыянты падрабязна перагледзелі ўсе ягоныя рэчы, засьвяцілі фатастужку. Яму было загадана ў нядзелю пакінуць Беларусь. Але ён, па маіх зьвестках, вырашыў у панядзелак зьвярнуцца са скаргай у польскае Генэральнае консульства.

На Сьвятлану Нех і на студэнта Інстытута правазнаўства Дзяніса Міхальчыка ў міліцыі былі складзеныя пратаколы. Іх абвінавацілі ў правядзеньні недазволенага пікету. Абодва яны, дарэчы, былі пакараныя штрафамі за лістападаўскую акцыю "Моладзь – за перамены!"

І кароткая зьвестка са Слоніма. Сёньня там на гарадзкім рынку моладзь з аб'яднаньня "Ветразь" раздала трыста паасобнікаў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Яшчэ трыста было раздадзена ў навучальных установах і на прадпрыемствах гораду напярэдадні.

XS
SM
MD
LG