Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

(эфір 10 сьнежня)
Дзень правоў чалавека ў Віцебску не абыйшоўся без парушэньня гэтых правоў. На насанкцыянаваным пікеце каля бібліятэкі Леніна міліцыянты затрымалі чатыры чалавекі.

Усяго меркавалася правесьці тры пікеты, але дазвол ад уладаў атрымалі толькі сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), прадстаўнікі БНФ "Адраджэньне" з замовай па тэрмінах спазьніліся. Паміж партыямі было вырашана, што ўсе акцыі пройдуць у розных частках гораду а 12-й гадзіне. У выніку прадстаўнікам АГП дазволілі сабрацца аб 11-й на пляцу Леніна, а сацыял-дэмакратам – тамсама праз дзьве гадзіны. Арганізатары папярэдзілі ўлады, што не прымаюць неабгрунтаваных зьменаў, і акцыі пройдуць як і заплянавана.

Аб адзінаццатай у сквэры на плошчы Леніна ніводнага пікетоўшчыка не было. Сабраліся адныя міліцыянты і жартавалі, што у іх атрымліваецца свой пікет.

Збор сяброў АГП пачаўся праз 50 хвілінаў ля бібліятэкі. Чатыры чалавекі з плякатамі на грудзёх патрабавалі годнага жыцьця і выкананьня правоў чалавека. Яшчэ чалавек дваццаць проста дыскутавалі зь міліцыянтамі, якія пакуль толькі не рэкамэндавалі рабіць незаконных рэчаў. Міліцыю відавочна стрымлівала прысутнасьць Валерыя Шчукіна ў якасьці журналіста, бо той прынёс шмат праблем менавіта Чыгуначнаму РАУС. Намесьнік аддзела падпалкоўнік Марзавін нават скардзіўся, што ня выканаць загад ня можа, таму што на службе, а пра іх пішуць так, што агідна чытаць.

Як толькі Шчукін накіраваўся у бок плошчы Свабоды, дзе свой пікет пачалі сацыял-дэмакраты, міліцыя перамовілася па рацыі і высунула ўльтыматум: або пікетоўшчыкі сыходзяць, або едуць не па сваёй волі ў аддзел. Чатыры чалавекі, якраз тыя, на кім былі плякаты і сьцягі, былі пасаджаныя ў дзьве машыны "Жыгулі" з прыватнымі нумарамі і адвезеныя ў пастарунак.

Інакш сябе паводзілі міліцыянты Кастрычніцкага РАУС падчас несанкцыянаванай акцыі сацыял-дэмакратаў на прыпынку каля пляца Свабоды. Чапаць людзей са сьвечкамі і завязанымі ртамі яны ня сталі, адно спыталі, колькі часу будзе працягвацца акцыя. Названыя сорак пяць хвілін іх задаволілі і больш пытаньняў ня ўзьнікла.

У дамоўлены час ўсе накіраваліся на пляц Леніна. Атрымалася шэсьце з некалькіх дзясяткаў чалавек да якога побач з прадстаўнікамі партыяў далучыліся і проста зацікаўленыя месьцічы.

У санкцыянаваным пікеце прынялі ўдзел больш за 60 чалавек. Луналі сьцягі дэмакратычных партыяў і Эўразьвязу. Увагу мінакоў прыцягвалі разнастайныя стэнды і плякаты, асабліва — "Мы ня быдла, мы людзі", і напісаны тутака на месцы плякат у падтрымку затрыманых: "Свабоду Алене Залесскай, Анатолю Захараву, Сяргею Васенку і Дзянісу Мускаму". А калі спадарыня Залесская з сябрамі зьявілася на пікет, іх сустрэлі гучнымі воклічамі. Затрыманыя падкрэсьлілі, што ў пастарунку да іх адносіліся ветліва, але плякаты, сьцягі і выданьні для распаўсюджаньня канфіскавалі. Цяпер яны, як ім сказалі ў РАУС, павінныя чакаць позвы ў суд. Аднак, як сказала Алена Залесская, (цытую): "Мы вельмі ўдзячныя ўладам за тое, што яны сваёй напалову забаронай і нашым затрыманьнем зрабілі добрую рэкляму віцебскай арганізацыі АГП".

У выніку, паводле меркаваньня ўдзельнікаў, акцыі атрымаліся. Высьветлілася, што зараз у большасьці насельніцтва, асабліва ў моладзі, спрыяльныя адносіны да гэткіх мерапрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG