Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

(эфір 10 сьнежня)
Сёньня Дзень правоў чалавека адзначаўся і ў буйных гарадох Меншчыны. У Барысаве некаторыя ўдзельнікі сьвяткаваньняў былі затрыманыя…

Сёньня раніцай дзесяць актывістаў Партыі БНФ, БСДП Народная Грамада, Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, Маладой Грамады на чале зь кіраўніком філіі праваабарончага цэнтру "Вясна" Зьміцерам Бародкам прыйшлі на Цэнтральны пляц Барысава.Усе яны былі апранутыя ў адмысловыя камізэлькі з выявамі на грудзях зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага ды Зьмітра Завадзкага. Пад партрэтамі быў подпіс: "Дзе ён?".

Мінакі падыходзілі і атрымлівалі брашуры з Дэклярацыяй правоў чалавека ды праваабарончыя пэрыядычныя выданьні.
Усё гэта рабілася без папярэдняга дазволу гарвыканкаму.

Неўзабаве спадар Бародка быў зьмешчаны міліцыянтамі ў варанок, дзе яго ўзяў пад варту супрацоўнік ГАУС, узброены аўтаматам. Адметна затрымлівалі лідэра філіі Партыі БНФ Анатоля Аскерку, які раздаваў брашуры блізу помніка Леніну. На прапанову міліцыянта праз пяць хвілінаў сыйсьці адсюль ды зьняць з курткі камізэльку спадар Аскерка адказаў так:

(Аскерка: ) "Я гуляю. Я магу цэлы дзень гуляць тут. Магу ўвогуле дамоў не прыходзіць… Не , гэта мая вопратка. Мо, Вы скажаце -здымі штаны? Гэта ж частка маёй вопраткі!"

На маё пытаньне да сяржанта міліцыі, што не пажадаў назваць сябе, які артыкул якога закона парушае Анатоль Аскерка, ахоўнік парадку прызнаўся:

(Голас: ) "У прынцыпе, не: Але ў мяне ёсьць начальства нада мною. Яно сказала".

Праз гадзіну пасьля, так бы мовіць, выхаваўчай гутаркі спадароў Бародку і Аскерку адпусьцілі з пастарунку, нават не склаўшы пратаколаў.

У Слуцку і Маладэчне, дзе актывісты "Вясны" правялі дазволеныя пікет і мітынг, акцыі прайшлі спакойна, без затрыманьняў.

XS
SM
MD
LG