Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

(эфір 10 сьнежня)
51 год таму Арганізацыя аб'яднаных нацыяў ухваліла Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека – фундамэнтальны дакумэнт, у якім дзяржавы-сябры ААН абавязаліся "заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы і свабоды чалавека". Сёньня шэраг праваабарончых арганізацыяў і апазыцыйных партыяў у сталіцы і многіх буйных гарадах Беларусі наладзілі акцыі з патрабаваньнем пошуку зьніклых палітыкаў, выкананьня ў краіне правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў.

У сталіцы акцыя ў падтрымку правоў чалавека праходзіла ў цэнтры, на праспэкце Францішка Скарыны – ад будынку КГБ да ГУМа. Актывісты праваабарончага цэнтру "Вясна", АГП, Беларускай асацыяцыі журналістаў ды іншых арганізацыяў, партыяў раздавалі мінакам тэксты Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ды ўлёткі. На ўдзельніках акцыі былі адмысловыя камізэлькі з партрэтамі зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, журналіста Дзмітрыя Завадскага. Ва ўлётках, што раздаваліся актывістамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі, зазначалася, што "АГП абвінавачвае рэжым ў гвалтоўным выкраданні" гэтых асобаў, "у забойстве Генадзя Карпенкі і незаконным асуджэньні дэпутатаў Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава".

Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Калі для многіх кркаінаў гэта ў вялікай ступені экзатычнае сьвята, то для Беларусі гэта самы актуальны дзень".

Зазанчыў Анатоль Лябедзька.

На сёньняшняй акцыі ў якасці яе ўдзельнікаў было шмат журналістаў. Чаму? Адказвае віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) "Адзін з сябраў нашай арганізацыі Зьміцер Завадзкі зьнік некалькі месяцаў таму, і няма ніякай упэўненасьці, што ён будзе знойдзены".

Сказаў Андрэй Бастунец.

Усяго, паводле словаў старшыні правабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, у акцыі ўзялі ўдзел каля ста пяцідзесяці асобаў:

(Бяляцкі: ) "Мы сюды ўзялі каля паўтары тысячы асобнікаў Дэклярацыі. Яны разыйшліся літаральна ў першыя 15 хвілінаў, таму мы шкадуем, што не ўзялі болей. Людзі спачатку трошку зьдзіўляюцца, як і ўсе беларусы, яны спачатку не паказваюць выгляду, а потым – спачувальныя погляды, спачувальныя водгукі, таму што пытаньне, якое мы тут задаем – дзе зьніклыя палітыкі і журналісты? – застаецца без адказу, і большасьць людзей разумее, у прынцыпе, што зь імі здарылася".

Паведаміў Алесь Бяляцкі.

Сапраўды, мінакі вельмі зацікаўлена рэагавалі на ўлёткі і тэксты Дэклярацыі правоў чалавека, некаторыя распачыналі чытаць проста на вуліцы, некаторыя гучна выказваліся:

(Голас мінака: ) "У нашай краіне правы чалавека знаходзяцца ў аднаго чалавека, і Вы ведаеце гэтага чалавека…"

Пад час акцыі проста да будынку КГБ пад'ехаў новы генэральны пракурор Віктар Шэйман. Журналісты спрабавалі запытаць у яго, што ён думае пра выкананьне правоў чалавека ў Беларусі, актывісты праваабарочых цэнтраў хацелі ўручыць яму тэкст дэклярацыі, а Зінаіда Ганчар мела намер спытаць пра пошукі ейнага мужа Віктара. Аднак, каб не сутыкацца з журналістамі ды правабаронцамі, Віктар Шэйман выйшаў праз іншыя дзьверы і хуценька зьехаў.

"Чаго за ім ганяцца, у нас яшчэ будзе час іх паганяць..." – так пракамэнтавала сытуацыю Зінаіда Ганчар. Яна таксама паведаміла журналістам, што не зьбіраецца нікуды зьяжджаць зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG