Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Адмысловую заяву з нагоды прапагандысцкае кампаніі ўладаў супраць Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі зрабіла на сваім сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў.

Першапачаткова Кансультацыйная рада плянавала разгледзець у часе сёньняшьняга паседжаньня толькі адно пытаньне — мэмарандум у становішчы беларускіх СМІ. Аднак сёньня прадстаўнік Партыі працы Леанід Лемяшонак прапанаваў спачатку прыняць заяву наконт нападак з боку беларускіх уладаў на КНГ АБСЭ ў Беларусі і на амбасадара Віка, а ўжо затым разглядаць праблемы мэдыяў. Лідэры іншых партыяў падтрымалі калегу.

Вось што гаворыць на гэты конт Алена Скрыган — сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай, якая старшынявала на сёньняшнім паседжаньні:

(Скрыган: ) "За апошні час гучала ня толькі крытыка, але і, я лічу, шантаж у адносінах да Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі і яе кіраўніка, пасла Ганса Георга Віка. Таму Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў прыняла заяву, у якой яна расцэньвае гэтыя выступы, як рэакцыю беларускіх уладаў на рост аўтарытэту КНГ АБСЭ і даверу да яе беларускага народу. Мы лічым, што Кансультацыйна-назіральная група знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь на самай справе з 1998 на запрашэньне нашага беларускага кіраўніцтва і са згоды 54-х краін-удзельніц АБСЭ. Яна дзейнічае строга ў рамках свайго мандату. Мы лічым таксама, што гэта ўсё зьвязана з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Як паказалі выбары ў так званую "Палату прадстаўнікоў", прысутнасьць у краіне місіі АБСЭ зьяўляецца стрымліваючым фактарам для розных маніпуляцый і фасьсыфікацый вынікаў выбараў".

Гэта была Алена Скрыган — старшыня сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Лідэры партыяў маглі азнаёміцца і з рэакцыяй амбасадара Віка на пачатак гэтае прапагандысцкае кампаніі. У тэксьце ягонага адказу журналістам выказаныя ў праграмах дзяржаўнае тэлевізіі меркаваньні, скіраваныя супраць АБСЭ, названыя хлусьлівымі й накіраванымі на тое, каб падарваць прэстыж і пазыцыю арганізацыі і ейных прадстаўнікоў.

Дарэчы, Ганс-Георг Вік зараз знаходзіцца ў Вене, дзе месьціцца штаб-кватэра АБСЭ. Прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ амбасадарка Юта-Штэфан Бастл выступіла ў сталіцы Аўстрыі з заяваю. У ёй выказваецца падтрымка дзейнасьці асабіста амбасадара Віка й КНГ АБСЭ ў Беларусі. Таксама заяўлена, што КНГ АБСЭ будзе й далей ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць, працаваць над шэрагам праектаў, кансультаваць усе бакі беларускае палітыкі.

Што ж тычыцца мэмарандуму ў становішчы беларускіх мэдыяў, дык праца над ім будзе працягнутая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG