Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 9 сьнежня)
Эканамічны агляд мінулага тыдня нашага эканамічнага аглядальніка, прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Аб'яўленае падвышэньне заработнай платы для працаўнікоў бюджэтнай сфэры, у прыватнасьці, для настаўнікаў і лекараў, прынесла толькі расчараваньне. Як могуць радавацца настаўнікі, калі ў сьнежні ім абяцаюць падвысіць заробкі толькі на 20%, а цэны на спажывецкім рынку з пачатку году ўжо ўзрасьлі болей як на 90%. Праўда, Аляксандар Лукашэнка на мінулым тыдні зноў паўтарыў абяцаньне падвысіць сярэднямесячную зарплату ў наступным годзе да 100 даляраў у месяц. Але ці рэальна гэта?

На працягу адыходзячага тыдня адна за адной праводзіліся нарады, прысьвечаныя гэтай тэме. Кірунак пошуку рэсурсаў для падвышэньня заробкаў абраны чыста адміністрацыйны. Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын заклікаюць вертыкальшчыкаў падвысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці. Але як гэта можна зрабіць, калі ўлады не дазваляюць кіраўнікам прадпрыемстваў скарачаць лішнюю рабочую сілу. Узровень прамысловай вытворчасьці ў краіне зараз на ўзроўні 70% ад паказчыкаў 1990 году, а колькасьць пэрсаналу тая ж што і 10 год таму. Якое можа быць падвышэньне прадукцыйнасьці працы ў гэтых умовах?

Ішла гаворка пра скарачэньне мэтавых праграмаў. Але як гэта зарабіць, напрыкалад, у жыльлёвым будаўніцтве, калі сотні тысяч маладых сем'яў маюць вострую патрэбу ў жыллі?

З цяжкасьцю верыцца ў намер урада скараціць выдаткі на кіраваньне. Выглядае ўсё гэта ня вельмі сур'ёзна, бо пытаньне пра скарачэньне выдаткаў на праваахоўчыя ворганы і на войска нават ня ставіцца. А якраз тут можна і трэба значна зэканоміць.

Адзінае, у што можна паверыць – у абяцаньне ліквідаваць падаткавыя ільготы. Але калі гэта адбудзецца, то фінансавыя ўмовы вытворцаў і пакупнікоў толькі пагоршацца.

Урад чакае стабілізацыйных крэдытаў ад Расеі, якія прама ці ўскосна будуць выкарыстаныя на рэалізацыю папулісцкіх абяцаньняў Лукашэнкі ў справе заробкаў. Праўда, кіраўнік урада Ўладзімер Ярмошын адмаўляе, што расейскі крэдыт будзе скарыстаны для падвышэньня заробкаў. Але, заяўляючы, што расейскія грошы пойдуць на пакрыцьцё дэфіцыту зьнешняга плацёжнага балянсу, ён сам ускосна гэта пацьвярджае, бо ў іншым выпадку на гэта давядзецца выдаткоўваць бюджэтныя сродкі.

Самым нечаканым крокам у гэтай справе стала абвестка Міндзяржмаёмасьці пра тэрміновае правядзенне конкурсу па продажы дзяржаўных пакетаў акцыяў адразу 38 адкрытых акцыянэрных таварыстваў. Галоўная мэта – не прыватызацыя, якая праз аукцыён ня можа праводзіцца ў такім масавым аб'ёме, а толькі імкненьне як найхутчэй атрымаць грошы ў бюджэт.

XS
SM
MD
LG