Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

У Воршы асвоеная вытворчасьць хуткастрэльнай газавай зброі. Цікаўнасьць да хадавое прадукцыі ўжо праявілі прадстаўнікі сілавых ведамстваў, міністэрскіх структураў і нават новы дэпутацкі корпус так званай "Палаты прадстаўнікоў"…

Першая спроба ўзбраеньня беларускіх чыноўнікаў ды палітыкаў была зробленая яшчэ на пачатку 90-ых. Але тады пасьля шматлікіх рэфармаваньняў уладных структураў многім давялося раззбройвацца.

Дэпутаты мінулай так званай Палаты прадстаўнікоў паміж сабой часта абураліся, што ня маюць гарантыяў уласнай бясьпекі – маўляў, у расейскіх дэпутатаў праз аднаго целаахоўнікі, а тут ніякай абароны. І вось цяпер, паводле неафіцыйных зьвестак, акцыянэрнае таварыства "Ворша" працуе над мэтавым заказам заканадаўцаў – адмысловай партыяй зброі.

Пра ўласную бясьпеку ворганы кіраваньня пачалі клапаціцца адразу пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці. Выключнае права арміі, КГБ і МУС на валоданьне табельнай зброяй хутка пахіснулася. Чыноўнікі рознага рангу пачалі ўзбройвацца дакладнымі копіямі (праўда, газавымі) знакамітых пісталетаў ды рэвальвэраў.

Відавочцы распавядаюць, што, бадай, толькі прыроджаныя пацыфісты дэфілявалі па Авальнай залі парлямэнту без кабуры. А некаторыя пазьнейшыя выказваньні, напрыклад, Віктара Кучынскага, мелі на ўвазе і гатоўнасьць узбройвацца больш цяжкай за пісталеты зброяй.

Многія памятаюць і інцыдэнт з былым міністрам прадпрымальніцтва Аляксандрам Сазонавым, які пачаў адстрэльвацца наўпрост ў рэстарацыі.

Зараз многія з палёгкай уздыхаюць, што дэпутацкія спрэчкі не даходзілі да радыкальных канфліктаў: вынікі маглі быць ў літаральным сэнсе крывавымі. Распавядае Генадзь Казлоў, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы першы намесьнік Дзяржсакратара Кабінэту міністраў:

(Казлоў: ) "Ніякага адмысловага рашэньня наконт зброі для дэпутатаў, насуперак легендам, не прымалася. Але гэта быў час, калі людзі ўсур'ёз былі заклапочаныя ўласнай бясьпекай, і таму МУС тым дэпутатам, якія зьвярталіся па дазвол на набыцьцё зброі, не адмаўляла. Такая практыка існуе паўсюдна, дзе няма магчымасьці мець целаахоўнікаў. Паколькі ахова ў нас не была прадугледжаная, на час выкананьня дэпутацкіх абавязкаў, асабліва ўжо падчас працы ВС 13 скліканьня, можна было атрымаць газавы пісталет як сродак самаабароны. Але, паверце, які б бардак у краіне не адбываўся, зброя – гэта вельмі адказная рэч, таму ўсё было па нумарах, па картках і пры ўмове "выкананьня дзяржаўных абавязкаў".

Гаварыў Генадзь Казлоў, цяперашні кіраўнік гатэльнага комплексу "Планета".

Дэпутаты ВС 13 скліканьня атрымлівалі газавую зброю ўжо на сталай аснове. Але пасьля абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі неадкладна паступіў загад аб раззбраеньні, а ў якасьці кампэнсацыі была абяцаная грашовая выплата (мабыць, Лукашэнка ўжо тады ня вельмі давяраў былым калегам па парлямэнту).

Але ніякіх грошай за здадзеную зброю дэпутаты не атрымалі, і куды былі складаваныя пісталеты, ніхто ня ведае дагэтуль. Ёсьць непацьверджаная інфармацыя, што значная частка пайшла на патрэбы супрацоўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі, а ўвесь астатні арсэнал быў рэалізаваны Асацыяцыі "Насельніцтва за бясьпеку", якая атрымала і права на навучаньне карыстаньнем газавай зброяй.

Сёньня атрымаць права на валоданьне газавай зброяй няцяжка. Ды й кошт тых жа аршанскіх рэвальвэраў будзе складаць прыблізна $40. Галоўнае патрабаваньне, каб стан псыхічнага здароўя карыстальніка адпавядаў мэдычным нормам. Але статус чыноўніка якраз тым і выгадны, што адмысловае мэдычнае абсьледваньне не патрабуецца. Чыноўнікам па-ранейшаму вераць на слова.

XS
SM
MD
LG