Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Сёньня 42-я гадавіна пачатку вяшчаньня перадачаў мадрыдзкага рыдыё па-беларуску. З гэтай нагоды да нас зьвярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

Дарагія сябры!

Кожны год 8 сьнежня зь вялікім шчасьцем прыпамінаю першую праграму беларускіх штодзённых радыяперадачаў Гішпанскага нацыянальнага радыя. Пачула я яе ў Парыжы, дзе тады вучылася.

Беларускія штодзённыя радыяперадачы з Мадрыду пачаліся надавацца 8-га сьнежня 1958 году і трывалі да 31 травеня 1965 году. Былі яны вынікам паўтара году стараньняў нашых двух беларускіх Кіхотаў у Гішпаніі, Янкі Сурвіллы і Віці Сянькевіча. Я да іх далучылася 25 жнівеня 1959 году.

Беларускія радыяперадачы Гішпанскага нацыянальнага радыя былі найбольш вольным у той час беларускім голасам у эфіры. Ня было ніякай цэнзуры, бо Гішпанцы ўважалі, што ніхто лепш за Беларусаў ня ведае, як іх весьці. Апрача навінаў нашыя праграмы былі прысьвечаныя беларускай гісторыі і літаратуры, беларускаму вызвольнаму руху, дзейнасьці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і беларускай дыяспары, ды аналізам падзеяў у Савецкім Саюзе.

Вельмі хутка аднак Менск і Масква пачалі нас глушыць. А рабілі яны гэта вельмі эфэктоўна – сем глушыльнікаў былі нам прысьвечаныя два разы ў дзень па пятнаццаць, а пазьней па дваццаць мінут… На шачасьце Гішпанцы не былі супраць таго, каб перадаваць нашую праграму або з маленькім спазьненьнем, або пару мінут раней як абвяшчалася. Гэтыя каштоўныя мінуты звычайна ня глушыліся і таму цудоўна даходзілі да нашых слухачоў у Эўропе і на Бацькаўшчыне.

Івонка Сурвілла,
8 сьнежня 2000.

XS
SM
MD
LG