Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У Бярозаўскім раёне працягваецца канфлікт паміж мясцовай вэртыкальлю і ўладальнікамі сялянскіх гаспадарак. Фэрмэры ўважаюць, што ўлады сьвядома перашкаджаюць іхнай дзейнасьці. Перасьлед адбываецца й паводле палітычных прычынаў…

Найбольш тыповай гісторыяй такога перасьледу зьяўляецца гісторыя жыхара вёскі Першамайская Бярозаўскага раёну Кастуся Вярцейкі.

Яшчэ ў 1992 годзе ён атрымаў зямлю для вядзеньня сялянскай гаспадаркі. Як сьцьвярджае спадар Вярцейка, зямля была непрыдатная для сельска-гаспадарчай вытворчасьці і трэба было шмат высілкаў, каб прывесьці яе ў належны стан.

Тым ня менш, Вярцейка і ягоныя калегі-фэрмэры ўзяліся за справу. І першы атрыманы ўраджай аўсу спрабавалі прадаць на камбікармовых завод, але там адмовіліся прымаць зерне ад фэрмэраў. Пазьней такі самы адказ быў атрыманы ад мясцовага хлебазаводу, дзе не пажадалі купляць у прыватнікаў жыта, ячмень ды грэчку.

Але галоўная праблема для бярозаўскіх фэрмэраў і, у прыватнасьці, для Кастуся Вярцейкі, зьявілася ў мінулым годзе. Пад час кампаніі выбараў прэзыдэнта, якую ладзіла апазыцыя.

Спадар Вярцейка ды іншыя сябры сялянскай партыі, што жывуць у раёне, праводзілі збор подпісаў у падтрымку Міхаіла Чыгіра. За гэтую дзейнасьць Кастусь Вярцейка атрымаў афіцыйнае папярэджаньне ад мясцовай пракуратуры. А Бярозаўскі райвыканкам прыняў рашэньне адабраць зямлю і ліквідаваць ягоную сялянскую гаспадарку. Асноўнай прычынай называлася тое, нібыта спадар Вярцейка не працуе на зямлі, а займаецца палітыкай.

Ужо больш за год бярозаўскі фэрмэр спрабуе абскардзіць гэтае рашэньне вэртыкалі. Цяпер Бярозаўскі райвыканкам прапануе яму зямельны ўчастак памерам усяго 9 сотак.

Вось як адрэагаваў Кастусь Вярцейка на гэтае рашэньне ўладаў:

(Вярцейка: ) "Мне ня проста выдзелілі 9 сотак зямлі пад будыніну, выдзелілі ў арэнду. Як прышляку, які невядома адкуль зьявіўся. Пакруцішся на гэтых сотках, а потым возьмуць ды адбяруць разам з памяшканьнем".

Паводле словаў Кастуся Вярцейкі, бярозаўскія ўлады ўжо не хаваюць свайго негатыўнага стаўленьня і да іншых мясцовых фэрмэраў, пазбаўляючы тых магчымасьці гаспадарыць на ўласнай зямлі.

XS
SM
MD
LG