Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

У Магілеве быў створаны абласны выбарчы штаб правядзеньня кампаніі ў падтрымку адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад аб'яднанай апазыцыі…

Гэтая прапанова прагучэла на паседжаньні магілеўскай абласной каардынацыйнай Рады дэмакратычных сілаў "Магілеўская альтэрнатыва". Больш як 20 прадстаўнікоў грамадзкіх аб"яднаньняў Магілеву і мясцовых аддзяленьняў палітычных партыяў адзінагалосна прагаласавалі за тое, каб у склад штабу ўвайшло 5 чалавек.

А менавіта: кіраўнікі мясцовых арганізацыяў, Беларускага народнага фронту, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", Аб"яднанай грамадзянскай партыі, Свабоднага прафсаюзу і Фодну падтрымкі дэмакратычных рэформаў імя Льва Сапегі.

На пасаду старшыні штабу прэтэндавалі лідары мясцовых фронтаўцаў Анатоль Фёдараў і старшыня магілеўскай арганізацыі АГП Валеры Сівуха. Перамог апошні, а пасада намесьніка дасталася Анатолю Фёдараву.

Як адзначылі прадстаўнікі штабу, пад час прэзыдэнцкіх выбараў ён забясьпечыць супрацоўніцтва ўсіх дэмакаратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў рэгіёну і паспрыяе перамозе кандыдата ў прэзыдэнты ад аб"яднанай апазыцыі на выбарах у 2001 годзе.

А пакуль на паседжаньні "Магілеўскай альтэрнатывы" яе чальцы назвалі магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь.

Як вядома, Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў прапанавала кожнаму рэгіёну вызначыць адну кандыдатуру. Магілеўцы назвалі 5 прозьвішчаў – пісьменьнік Васіль Быкаў, былы прэм"ер-міністар Міхаіл Чыгір, намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі, намесьнік старшыні "Народнай Грамады" Алякскй Кароль і лідэр "Рэгіянальнай Беларусі" Сямён Домаш.

Прозьвішчы Васіля Быкава і Аляксея Караля пад час галасаваньня не рзглядаліся, бо, як адзначыў старшыня паседжаньня, Юры Новікаў, невядома, ці дадуць яны згоду на вылучэньне.

За Аляксандра Дабравольскага прагаласавалі 9 сябраў "Магілеўскай альтэрнатывы". У выніку рэйтынгавага галасаваньня 10 галасоў атрымаў Сямён Домаш. Яго прозьвішча й будзе ўнесенае для Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Вось як пракамэнтаваў рашэньне Рады Юры Новікаў, які старшыняваў на паседжаньні: "Для нас вельмі важна, што, нягледзячы розныя палітычныя погляды, мы здолелі аб"яднацца і выпрацаваць сумесную праграму дзеяньняў на пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў".

XS
SM
MD
LG