Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Алена Радкевіч

Сёньня стала вядома, што ў другой палове студзеня Менск наведаюць сябры рабочай групы ў справе Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яны павінныя падрыхтаваць адмысловы даклад для Пастаяннага камітэту АБСЭ…

"З 21 да 23 лютага ў Вене адбудзецца паседжаньне Пастаяннага камітэту АБСЭ. У парадку дня будзе і беларускае пытаньне. Паколькі ў Беларусі прайшлі выбары ў гэтак званую Палату прадстаўнікоў 2 скліканьня, Пастаянны камітэт мусіць вырашыць, якая з дзьвюх структураў - гэтая палата альбо Вярхоўны Савет 13 скліканьня - будзе прадстаўляць Беларусь у Парламэнцкай Асамблеі.

Зразумела, што Пастаянны камітэт, у якім пасьля вяртаньня ў АБСЭ Югаславіі стала 55 краінаў, пры вынясеньні вэрдыкту будзе абапірацца на высновы рабочай групы ў справе Беларусі ПА АБСЭ на чале з Адрыянам Севярынам. Тым больш, што сп.Севярын узначальвае не толькі адмысловую групу, але і ўсю Парлямэнцкую асамблею.

Вось што гаворыць з гэтай нагоды сябра сталай дэлегацыі Беларусі ў ПА АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Думаю, што гэты візыт вельмі важны. Мы рыхтуемся да яго, усе дэпутаты Вярхоўнага Савету і палітычныя колы Беларусі, каб на аргумэнтах паказаць тое, што адбываецца на самой справе. Каб там не было месца ніякім вымыслам, дадумкам. Каб гэта ўсё было вельмі аб"ектыўна і аргумэнтавана. І потым ужо ў Вене будзе прымацца рашэньне".

Гэта быў сябра ПА АБСЭ Уладзімер Нісьцюк.

Паводле сп. Нісьцюка, існуюць тры варыянты магчымага разгортваньня падзеяў. Паколькі ў ПА АБСЭ дзейнічае правіла "кансэнсус мінус адзін", дык малаверагодна, што пройдзе прапанова пакінуць у асамблеі ВС 13 скліканьня. Супраць выступяць Расея і яе сатэліты. З другога боку, іншыя краіны заблякуюць прапанову аддаць месца гэтак званай Палаце прадстаўнікоў. У такой сытуацыі ня выключаны варыянт, калі і ВС, і Палата атрымаюць статус назіральнікаў.

Тым часам Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Менску, нягледзячы на вострыя выказваньні ў ейны адрас з боку Аляксандра Лукашэнкі, працягвае сваю працу. Цікава, што кіраўнік групы амбасадар Вік, які ўчора на 10 дзён выехаў за межы Беларусі, на традыцыйнай рабочай нарадзе супрацоўнікаў групы адзначыў: "Выказваньні Лукашэнкі трэба ўспрымаць у агульным кантэксце. Гэта значыць, засяроджвацца ня толькі на апошняй заяве, але і памятаць пра рашэньні Санкт-Пецярбургскай ПА АБСЭ і Стамбульскага саміту.

Як і раней, КНГ будзе працаваць над выкананьнем беларускімі ўладамі чатырох вядомых умоваў, што вылучыла міжнародная супольнасьць.

Уладзімір Глод, Менск

(Радкевіч: ) "Спадар Глод, а якая ёсьць инфармаця наконт таго, ці будуць запрошаныя на гэтыя слуханьні ў Вене дэлегацыя ад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, так і ад новаабранай так званай Палаты прадстаўнікоў?"

(Глод: ) "Калі вяртацца да падзеяў 1996-1997 гадоў, калі была падобная сытуацыя і калі абмяркоўвалася, хто будзе прадстаўляць беларускі парлямэнт у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, у абодвух выпадках у Вену прыяжджалі прадстаўнікі Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў. Думаю, што так будзе й на гэты раз. Як мне здаецца, міжнародная супольнасьць мае такое правіла выслухаць два бакі. Якое рашэньне будзе прымацца – іншая справа".

(Радкевіч: ) "Спадар Глод, Вы ўжо нагадалі нам, што рашэньні прымаюцца паводле формулы "кансэнсус мінус адзін голас" і зазначылі, што аднолькава з Расеяй галасуюць яе "сатэліты". Каго Вы мелі на ўвазе?"

(Глод: ) "Практыка паказвае, што часьцей за ўсё пазыцыю Расеі падтрымлівае дэлегацыя Казахстану. Вось у апошні раз пазыцыю Расеі падтрымалі прадстаўнікі Казахстану і Арменіі. Як будзе зараз, сказаць цяжка. Да таго ж, ня кожная краіна яшчэ з 55-ці, якія зараз уваходзяць у АБСЭ, мае права голасу. Чаму? Некаторыя краіны маюць фінансавую запазычанасьць перад АБСЭ, у прыватнасьці, Таджыкістан".

Гутарыла

XS
SM
MD
LG