Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

Сёньня Магілеў наведаў амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Менавіта з Магілеўскай вобласьці пачалося яго знаёмства зь беларускімі рэгіёнамі, ў праграме візыту Козака не было ніводнай сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных структураў…

Майкл Козак усклаў кветкі да Мэмарыялу абаронцаў Магілеву на Буйніцкім полі. Потым меў сустрэчу са студэнтамі мясцовага філіялу Недзяржаўнага інстытуту правазнаўства, дзе распавядаў маладым людзям пра значэньне права і прынцыпы міжнародных дачыненьняў, пра выбары і легітымных прадстаўнікоў народу.

Спадар Козак таксама наведаў абласную бібліятэку, якой ад імя амбасады падараваная вялікая калекцыя кніг пра гісторыю Амэрыкі і падручнікаў ангельскай мовы.

Далей кіраўнік амбасады ЗША ў Беларусі браў удзел у сьвяткаваньні юбілею Магілеўскага рэсурснага цэнтру і меў сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовага цэнтру абароны правоў чалавека.

На просьбу карэспандэнта "Свабоды" Майкл Козак выказаў сваё меркаваньне пра сёньняшнія ўзаемадачыненьні паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі і Рэспублікай Беларусь:

(Козак: ) "Натуральна, стан узаемаадносінаў далёка неспрыяльны. І гэта пачалося з рэфэрэндуму 1996 году, які ня толькі Злучанымі Штатамі, але й іншымі краінамі быў прызнаны нелегітымным. І гэта стварыла поўныя адмоўныя перадумовы разьвіцьця нашых узаемадачыненьняў цягам наступных гадоў. Для нас гэта непрыемна, як і непрыемна для іншых дзяржаваў, якія хочуць бачыць Беларусь незалежнай краінай, часткай міжнароднай супольнасьці. Паколькі гэтая сытуацыя перашкаджае таксама максымальнаму ўдзелу ЗША ў прадастаўленьні Беларусі дапамогі ў пабудове дэмакратычнага грамадзтва".

Амэрыканскі амбасадар лічыць, што ў наступным годзе ўзаемаадносіны ЗША і Беларусі істотна зьменяцца. Хаця сёньня цяжка прадказаць, у які бок. "Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, - паведаміў сп. Козак, - гэта рэальны шанец палепшыць дачыненьні паміж дзьвюма краінамі. Калі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць належным чынам арганізаваныя і прызнаныя легітымнымі і свабоднымі, то дачыненьні палепшацца. Незалежна ад таго, хто пераможа, прадстаўнік сёньняшняй улады ці апазыцыянэр. Ключ да ўсяго – у адкрытасьці выбарчага працэсу. У адваротным выпадку ўзаемаадносіны, несумненна, пагоршацца. Але нашая характэрная рыса – аптымізм".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG