Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Міжнародны дыпляматычны скандал стварыла ўвечары ў пятніцу Беларускае тэлебачаньне, якое абвінаваціла былога амбасадара ЗША ў Менску Дэніэла Спэкгарда ў памкненьні ўвесьці супраць Беларусі гандлёва-эканамічныя санкцыі, а таксама назвала Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску інструмэнтам падрыўное антыканстытуцыйнае дзейнасьці.

А шостай гадзіне вечара вядучы выпуску навінаў Беларускага тэлебачаньня Алег Лукашэвіч нечакана абвесьціў, што былы амбасадар ЗША ў Менску Дэніэл Спэкгард, цытую, "заклікаў Эўрапейскі Зьвяз ад імя адміністрацыі ЗША разгледзець магчымасьць увядзеньня гандлёва-эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, пры гэтым Спэкгард выказаў упэўненасьць, што ЗША працягнуць падтрымку антыбеларускіх акцыяў" (канец цытаты).

Калі верыць Беларускаму тэлебачаньню, спадар Спэкгард, які працуе цяпер у Брусэлі памочнікам аднаго з намесьнікаў кіраўніка НАТО, "зрабіў гэтыя пагрозы на сустрэчы з кіраўніцтвам Навукова-дасьледчага цэнтру імя Джорджа Маршала ў горадзе Гарміш-Партэнкірхэн (Нямеччына)". Тамсама, паводле спадара Лукашэвіча, амбасадар Спэкгард "быў вымушаны прызнаць, што палітыка ЗША па падтрымцы апазыцыйных сілаў, што выступалі за байкот парлямэнцкіх выбараў на Беларусі, не прынесла жаданых вынікаў".

Беларускае тэлебачаньне паведаміла, што (цытую) "ўдзельнікі сустрэчы таксама зьвярнулі ўвагу на слабую актыўнасьць дзейнасьці Кансультацыйна-назіральнае групы па падтрымцы акцый так званых беларускіх дэмакратаў"(канец цытаты). Тэлеглядачы даведаліся яшчэ, што нібыта Дзярждэпартамэнт ЗША рэкамэндаваў КНГ распрацаваць варыянты аб'яднаньня апазыцыйных сілаў Беларусі і правесьці ў першай палове 2001 году сустрэчу апазыцыйных лідэраў.

Як сказаў Алег Лукашэвіч, "Спэкгард выказаў упэўненасьць, што ЗША працягнуць правядзеньне антыбеларускіх акцыяў, і зараз ідзе пошук новых рычагоў узьдзеяньня на афіцыйны Менск". Таксама спадар Лукашэвіч заявіў пра Дэніэла Спэкгарда наступнае:

(Лукашэвіч: ) « Адначасова ён ня выключыў, што будзе ініцыянаваная працэдура па прыпыненьні членства Беларусі ў АБСЭ. Такім чынам, зразумела, што КНГ АБСЭ на Беларусі страціла самастойнасьць і фактычна пераўтварылася з кансультацыйна-назіральнае групы ў інструмэнт падрыўное антыканстытуцыйнае дзейнасьці супраць беларускай дзяржавы. І натуральна, рэцэпты Спэкгарда па далейшых накірунках дзейнасьці КНГ ня маюць ніякага дачыненьня да статусу і мандату гэтае структуры. Паводле ўсіх дыпляматычных канонаў, кіраўніку КНГ, спадару амбасадару Віку даўно трэба атрымаць запрашэньне ў беларускае МЗС для таго, каб даць адпаведныя тлумачэньні",

– бвесьціў з экрана дыктар Алег Лукашэвіч ды паведаміў, што Беларускае тэлебачаньне мае намер сачыць за разьвіцьцём падзеяў і своечасова інфармаваць пра падрабязнасьці "гэтага чарговага дыпляматычнага скандалу".

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, якога зараз няма ў Беларусі, адказаў на маё тэлефанаваньне на ягоны мабільны тэлефон з просьбаю пракамэнтаваць паведамленьне дзяржаўнага тэлебачаньня:

(Вік: ) «Я не магу рэагаваць на нейкае паведамленьне пра нейкага амбасадара, які недзе прамаўляў. Я мушу згадаць толькі той факт, што ўчора адбылася нарада ў Вене, на якой і дзейны старшыня АБСЭ, і Эўрапейскі Зьвяз, і Злучаныя Штаты моцна падтрымалі дзейнасць КНГ у Беларусі,»

– заявіў амбасадар Вік.

Ён дадаў, што новы міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў пацьвердзіў місію ды ролю АБСЭ, хаця й мажлівыя пэўныя разнагалосьсі. Спадар Вік таксама зазначыў, што ня можа камэнтаваць тое, чаго ня бачыў сам.

Выглядае, што тэлевізійнае паведамленьне стала нечаканасьцю і для Міністэрства замежных справаў Беларусі. Прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка даведаўся пра скандал ад мяне.

(Латушка: ) «Міністэрства замежных справаў Беларусі на гэты момант ня мае падставаў, каб камэнтаваць тую інфармацыю, якая была пераказаная тэлебачаньнем. Я б параіў Вам зьвярнуцца на тэлебачаньне па камэтар да таго матэрыялу, які там быў. Тое, што Вы бачылі, Вы чулі, гэта было паказанае тэлебачаньнем».

XS
SM
MD
LG