Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Шмат месца у справаздачы Human Rights Watch прысьвечана Беларусі.

Ва ўступе да агляду сытуацыі ў Эўропе і Цэнтральнай Азіі гаворыцца:

"Лукашэнка і ягоны ўрад працягвалі зьняволеньне апазыцыйных дзеячоў, даводзілі апазыцыйныя СМІ да банкруцтва і запалохвалі праваабарончыя арганізацыі. Кастрычніцкія парлямэнцкія выбары былі сфальшаваныя".

Затым у разьдзеле, прысьвечаным падрабязнаму аналізу найбольш яўных правапарушэньняў ў Беларусі за мінулы год, на пяці старонках пералічаныя зьнікненьні вядомых людзей, палітычныя суды і арышты тых, хто заклікаў да байкоту выбараў ў "Палату прадстаўнікоў". У дакумэнце названыя прозьвішчы Віньнікавай, Завадзкага, Захаранкі, Ганчара, Клімава, Чыгіра, Шчукіна і Статкевіча. Human Rights Watch у храналягічным парадку пералічае арышты, палітычныя суды, перасьлед незалежных выданьняў, канфіскацыю асобнікаў газэты " Рабочы", папярэджаньні выненсеныя іншым выданьням – "Белорусской Деловой Газете" і "Народнай Волі". У Беларусі гэта, канешне, агульнавядомыя факты, але ў дадзеным выпадку важна, што гэтак сытуацыю ў галіне правоў чалавека ацэньвае ды інфармуе міжнародную грамадзкасьць, аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя.

З пытаньнем, як стан правоў чалавека ў Беларусі за апошні год у кантэксьце згаданай справаздачы ацэньваюць мясцовыя праваабаронцы, я зьвярнуўся ў правабарончую арганізацыю "Вясна". Вось што сказала супрацоўніца "Вясны" Леанарда Мухіна:

(Мухина: ) "Назіраючы за падзеямі ў краіне, я не магу сказаць, што сытуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі нейкім чынам зьмянілася да лепшага. Увосень гэтага году, ўжо не гаворачы пра вясну, пра сьвяткаваньне Дня Волі, да нас зьвярталася шмат людзей, якія расказвалі, як іх загружалі ў гэтыя аўтамабілі з кратамі і вывозілі за горад. Згодна іхным разказам, у іх было такое ўражаньне, што ўсіх іх фізычна зьнішчаць, і ніхто іх ня знойдзе. Шмат было затрыманьняў, дзе былі суцэльныя парушэньні з боку міліцыі.
Падлеткаў затрымлівалі і пратрымоўвалі ў міліцыі да наступнага дня па 12-16 гадзінаў. Гэта абсалютна ненармальнае, і такія парушэньні скрозь.

Але адно трэба адзначыць: раней гэтыя парушэньні не прызнаваліся, але вось ўжо пасьля восеньскіх падзеяў, калі былі затрыманыя і доўгі час утрыманыя падлеткі, якім не дазвалялі ні патэлефанаваць да хаты, ні паведаміць, дзе яны знаходзяцца, то зараз сытуацыя крыху зьмянілася. Гарадзкая пракуратура пацьвярджала, што выяўленыя парушальнікі парадку, і будзе весьціся службовае расьсьледаваньне справы. Так што зараз, Пракуратура зьвяртае ўвагу на гэтыя парушэньні.

У нас правапарушэньні ня толькі пад час мерапрыемстваў, але і ў спэцпрыёмніках-разьмеркавальніках, калі затрыманаму не даюць магчымасьці сустрэцца са сваім адвакатам. Так што зараз мы можам ў большай ступені неяк ўплываць на лёс затрыманых, але адначасова гэтых парушэньняў гэтулькі, столькі людзей зьвяртаецца абсалютна па розных пытаньнях, што сказаць аб паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека сёлета ніяк нельга. На самой справе гэтых парушэньняў больш і больш, таму людзі ў вялікай колькасьці зьвяртаюцца па дапамогу. Такога не было два гады таму. Мне здаецца, што зараз узрасла актыўнасьць гэтых 18-20-годкаў, якія ўхапілі глыток свабоды, таму што сярод затрыманых у нас больш моладзі, чым людзей пажылога ўзросту. Сапраўды ўзрасла актыўнасьць людзей. Многія тыя, якія раней не далучаліся да акцыяў пратэсту, зараз далучаюцца".

Сказала супрацоўніца правабарончай арганізацыі " Вясна" Леанарда Мухіна.

У кожным разе ейная ацэнка супадае з думкай Human Rights Watch, у справаздачы якой сказана:

"Павага да правоў чалавека адсутнічае ў Беларусі з часу, як Лукашэнка застаецца пры ўладзе і пасьля таго, як урад здолеў правесьці яўна несправядлівыя выбары".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG