Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Учора маскоўскі гарадзкі суд засудзіў былога афіцэра марской выведкі ЗША Эдманда Поўпа да максымальнага тэрміну – 20 гадоў калёніі строгага рэжыму. Як адзначаюць усясьветныя сродкі масавай інфармацыі, гэта першы судовы вырак гэткага кшталту, вынесены заходняму грамадзяніну ў Расеі ад часу заканчэньня халоднай вайны.

У сёлетнім красавіку 54-гадовы бізнэсмэн Эдманд Поўп быў абвінавачаны ў тым, што ён атрымаў сакрэтныя пляны і тэхнічную дакумэнтацыю на расейскую тарпэду "Шквал", якая разьвівае хуткасьць 320 міляў на гадзіну – знаёміць нас зь гісторыяй пытаньня газэта New York Times.

Апошнім амэрыканцам, асуджаным за шпіёнства, быў пілёт зьбітага ў 1960 годзе над тэрыторыяй Савецкага Саюзу самалёта U-2 Фрэнсіс Гэры Паўэрс, якога праз 18 месяцаў турмы памянялі на савецкага шпіёна – нагадвае сёньняшняя Washington Post і працягвае:

"Выпадак з Эдмандам Поўпам стаўся раздражняльнікам у адносінах паміж Злучанымі Штатамі і Расеяй". У абарону абвінавачанага выступала Дзяржаўны Сакратар ЗША Мэдлін Ольбрайт, якая ў гэтай справе тэлефанавала да расейскага міністра замежных справаў Ігара Іванова. Яшчэ раней прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан зьвяртаўся да свайго расейскага візаві Уладзіміра Пуціна з просьбай вызваліць Поўпа, але Пуцін адказаў, што ня будзе ўмешвацца, бо справа знаходзіцца ў судзе.

У выніку мы маем словы прадстаўніка Рады Нацыянальнай Бясьпекі Злучаных Штатаў Кроўлі: "Вырак незаконны і несправядлівы. Ён кідае цень на нашыя адносіны".

Між тым, працягвае Washington Post, адміністрацыя ЗША мела спадзяваньні, што Поўп будзе выпушчаны на волю ў сувязі зь кепскім здароўем і высланы дадому на лячэньне. Асуджаны мае рэдкую форму раку касьцей.

"Шмат хто з аналітыкаў, – піша сёньняшняя Financial Times, – лічаць, што Пуцін быў замяшаны ў судовым выраку. Аднак, паводле іх, у гэтым выпадку ён кіраваўся грамадзкакай думкай і йшоў сьледам за антыамэрыканскімі настроямі сярод пэўнай часткі расейскай палітычнай эліты".

"Гэты вырак стаўся складовай часткай руху Крамля ў справе аднаўленьня расейскага нацыянальнага гонару праз шматлікая эмблемы", – цытуе аналітыка маскоўскага цэнтру Карнэгі Лілію Шаўцову Financial Times і нагадвае, што на гэтым тыдні Пуцін прапанаваў аднавіць музыку гімну СССР у якасьці гімну Расеі.

Усясьветны друк паведамляе, што цяпер Эдманд Поўп мае магчымасьць у сямідзённы тэрмін абскардзіць вырак суду, аднак New York Times мяркуе, што справа Поўпа будзе разьвязаная на дыпляматычным узроўні: Пуцін рыхтуецца да адносінаў з новым прэзыдэнтам ЗША, і магчыма, што судовы вырак дазволіць Пуціну падкрэсьліць, што ён падтрымаў у спэцслужбах прыхільнікаў жорсткай лініі ў справе аховы дзяржаўных сакрэтаў, і адначасна, вызваліўшы Поўпа, заваяваць аўтарытэт на міжнароднай арэне – мяркуе газэта.

XS
SM
MD
LG