Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Ці панясуць беларусы ў дваццаць першае стагодзьдзе на сваіх штандарах крыўду і тугу, ці будуць па-ранейшаму, як і сто гадоў запар, усяго толькі хацець людзьмі звацца, а ня быць імі, як усе астатнія народы? Гэтыя няпростыя пытаньні з усёю вастрынёю паўсталі на міжнароднай канфэрэнцыі "Янка Купала і праблемы беларускага самапазнаньня", якая сёньня распачалася ў Менску ў Літаратурным музэі нацыянальнага песьняра.

Гімнам беларусаў назваў на сёньняшняй канфэрэнцыі прафэсар Познаньскага унівэрсітэту Польшчы Багуслаў Зялінскі знакаміты Купалаў верш "А хто там ідзе". Напісаны стагодзьдзе таму ў лёсавызначальны час, ён і выказаў з усёю гімнавай выразнасьцю дух і душу тагачаснага грамадзтва, пра што гаварыла дацэнт пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка Галіна Тычка.

(Тычка: ) "Працэс фармаваньня беларускай нацыі ў гэты час уступіў у сваю найбольш актыўную грамадзкую фазу, калі галоўным стала пытаньне ня столькі сацыяльнай роўнасьці, колькі нацыянальнай вызначанасьці, залунала ідэя адраджэньня і дзяржаўнай незалежнасьці. Якраз пад уплывам згаданых тэндэнцыяў купалаўскі мясцовы, рэгіянальны патрыятызм і набывае актыўную, дзейсную пазыцыю, праходзячы імклівую эвалюцыю – ад выяўленьня дэмакратычна-гуманістычнай самаідэнтыфікацыі паэта са сваім народам да сьвядома ўзятай на свае плечы місіі нацыянальнага прарока-песьняра".

Сказала Галіна Тычка.

Вакол верша "А хто там ідзе?" разгарнулася сёньня асноўная дыскусія адносна ягонай актуальнасьці. Стаўшы фактычнаю візытоўкаю беларускіх паэтычных анталёгій, цытатнікам для публіцыстаў, ён, на думку многіх выступоўцаў, ня зьвернуты ў будучыню народа, які ў Купалы асацыюецца з сялянскаю масаю. Сам Купала, як вядома, – шляхціч, але стаў ён выказьнікам сьветагляду мужыка невыпадкова. Палітычная і эканамічная эліта была чужынскаю, і абуджанае да нацыянальнае тоеснасьці сялянства мусіла нарадзіць нацыянальных правадыроў. Але, як сказаў згаданы ўжо польскі прафэсар Зялінскі, гэты сацыяльны слой грамадзства нясе падпарадкавальны, халопскі сьветагляд. Бунт селяніна – гэта сацыяльны бунт за роўныя з гаспадаром эканамічныя правы. Шляхецкія гонар і годнасьць, выказаныя ў сымболі "Пагоні", сялянскія рэвалюцыянэры не зразумелі. І на сваіх штандарах яны несьлі толькі крыўду, якая ніколі ня ёсьць творчым імпульсам, у тым ліку і дзяржаватворчым. Між тым, вось што адцеміў сучасны нацыянальны і рэлігійны дзяяч ксёндз Уладыслаў Завальнюк.

(Завальнюк: ) "Нават так енчыць – гэта па-чалавечы. Дзейнічаць і ўплываць – гэта належаць народу, а народ – гэта кульутра, гэта дух, гэта людзі навкі і духоўнасьць".

Да гэтага разуменьня сёньняшнія дасьледчыкі творчае спадчыны Купалы яшчэ толькі падступаюцца. Але побач з меркаваньнямі пра неабходнасьць новага прачытаньня песьняра напрыканцы стагодзьдзя прагучалі і пэўныя аптымістычныя высновы з такіх, апетых ім народных рысаў, як спрадвечнае ўменьне цярпець сваю крыўду.

(Шамякіна: ) "Хто ведае, можа быць лёс, прывучыўшы беларуса да бязьмежнага цярпеньня, правёўшы праз пакуты царызму, рэвалюцыі, войнаў, Чарнобыля, загартаваў нас да будучых выпрабаваньняў ХХІ стагодзьдзя, яшчэ больш страшных, больш незвычайных. Па ўменьні цярпець мы сярод эўрапейскіх народаў займаем, безумоўна, першае месца. Дык ці не азначае гэта асаблівую нашую місію ў будучай гісторыі?"

Вось такі аптымістычны пагляд выказала сёньня дацэнт Белдзяржунівэрсытэту Тацяна Шамякіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG