Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 6 сьнежня)
Сёньня ў Менску скончыў працу трэці міжнародны кангрэс беларусістаў.

Цягам двух дзён літаратура- і мовазнаўцы, гісторыкі ды культуролягі з дванаццаці замежных краінаў, а таксама айчынныя спэцыялісты, абмяркоўвалі ў Менску праблемы, зьвязаныя з узаемадзеяньнем сусьветных працэсаў унівэрсалізму ды разьвіцьцём самабытных нацыянальных культураў. Было заслухана ды абмеркавана звыш сотні дакладаў ды спавешчаньняў, якія наўпрост ці апасродкавана датычныя галоўнай тэмы – "Беларуская культура ў дыялёгу цывілізацый". Дыскусіі насілі навукова-практычны, часам, міфатворчы, нярэдка палемічны характар. Што набыло асаблівае красамоўства на заключным пленарным паседжаньні. Мажліва з прычыны, што праблемы, якія абмяркоўваліся, найбольш хвалюць навуковую ды творчую грамаду самой Беларусі, ейныя прадстаўнікі і выявіліся носьбітамі палярных поглядаў.

Вось што трэба рабіць для таго, каб беларускі этнас не згубіўся на мапе сьвету ў будучыні, на думку народнага паэта Ніла Гілевіча.

(Гілевіч: ) "Такія грамадзкія аб'яднаньні, як Міжнародная асацыяцыі беларусістаў, як Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", як Таварыства Беларускай Мовы, творчыя саюзы і іншыя павінныя, на мой погляд, рэзка павялічыць сваю актыўнасьць у змаганьні за беларускую мову. Іншага, шаноўныя калегі і сябры, не застаецца. Іначай распачатае намі нацыянальнае адраджэньне Беларусі сыдзе на нішто і закончыццца карахам. У сьвятле сказанага, думаю, было б разумным і апраўданым, калі б названыя і іншыя грамадзкія аб'яднаньні ўзялі на сябе ініцыятыву арганізаваць збор подпісаў інтэлігенцыі Беларусі і беларускай дыяспары ў абарону беларускай мовы, за вяртаньне ёй рэальнага статусу мовы дзяржаўнай. Ня ўпэўнены, што гэта адразу забясьпечыць нам посьпех, але ж нешта трэба рабіць".

Сказаў Ніл Гілевіч.

А вось меркаваньне іншага кшталту. Данііл Пікуза, заяўлены ў праграме як сусьветна вядомы эканаміст, меў лінгвістычны назоў свайго дакладу – "Мова сусьветных зносін і ўзаемаразуменьня людзей дваццаць першага стагодзьдзя". Аднак выклаў сваё бачаньне азначанае тэмы, мякка скажам, адмыслова.

(Пікуза: ) "Для ваплашчэнія надзежд взаімнага вніманія неабхадзім адзін язык вазаімапаніманія, аб'едзінімы в кібернэціку і космаэнэргеціку…"

Відаць, каб на далейшае засьцерагчы паважаны навуковы сход ад падобнае навукі, сэкцыя "Роля беларускае дыяспары ў дыялёгу цывізацый" рэкамэндавала аргкамітэту рабіць навуковую экпэртызу заяўленых тэмаў.

У ліку іншых заключных высноваў кангрэсу варта адзначыць і рэкамэндацыі кіраўніцтву міжнароднае арганізацыі беларусістаў выкарыстаць свой уплыў для хутчэйшага ўсталяваньня помнікаў выбітным нацыянальным асобам: Францішку Скарыну ў Менску, Янку Купалу ў Маскве ды Міколу Ўлашчыку ў Койданаве. Кангрэс акцэнтаваў таксама праблему хутчэйшага выданьня энцыкляпедыі "Беларусы ў сьвеце", прысьвечанай выбітным суродзічам, якія зрабілі значны ўклад у разьвіцьцё іншых краінаў. Першы том праекту пад назовам "Беларусы ў памежных краінах" ужо падрыхтаваны да друку.

Кангрэс зрабіў таксама давыбары кіруючых ворганаў Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў. Цяпер яны прадстаўленыя ўсімі 24 краінамі, у якіх жывуць і працуюць дасьледнікі беларускае культуры ды навукі.

XS
SM
MD
LG