Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

167 тысяч беларускіх настаўнікаў выказалі пратэст супраць цяперашняга сацыяльна-эканамічнаму курсу ў сфэры адукацыі. Пра гэта сёння было паведамлена на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі настаўніцкіх прафсаюзаў і Міністэрства адукацыі.

Старшыня Беларускага прафсаюзу адукацыі Тамара Чобатава паказала журналістам 167 тысяч подпісаў настаўнікаў, якіх не задавальняе зарплата, вызначаная ўрадам. Паводле словаў Чобатавай, у прафсаюзнай кампаніі прыняў удзел кожны другі пэдагог Беларусі.

Учора дэлегацыя прафсаюзных лідэраў азнаёміла з вынікамі гэтай кампаніі прэмер-міністра Ўладзімера Ярмошына ды ягонае атачэньне. Больш за гадзіну цягнуліся перамовы. Ці задаволілі іх вынікі арганізатараў акцыі пратэсту? Адказваючы на гэтае пытанне, Тамара Чобатава зазначыла:

(Чобатава: ) "І так, і не. Так, бо атрымалі магчымасьць выказаць набалелыя праблемы першай асобе ўраду. Бо ўся інфармацыя ад Міністэрства працы ці Мінфіну не дае ўяўлення пра сапраўднае становішча ў сістэме адукацыі. Мы прынцыпова агучылі свой пункт гледжаньня і заявілі пра намер распачаць працэдуру працоўнай калектыўнай спрэчкі з урадам, калі ў першым квартале наступнага году не будуць прынятыя радыкальныя меры".

Яшчэ адзін удзельнік учорашніх перамоваў з урадам, старшыня прафсаюзу менскіх настаўнікаў Анатоль Паўлаў паведаміў, што прэм'ер спрабаваў пераканаць апанэнтаў у неабгрунтаванасьці іхных дамаганьняў. Маўляў, нельга патрабаваць такіх самых заробкаў, якія атрымліваюць рабочыя, паколькі рабочыя, на думку Ярмошына, займаюцца цяжкай фізічнай працай, а настаўнікі – не.

(Паўлаў: ) "Я сказаў, што нельга параўноўваць працу рабочага з працаю выкладчыка – настаўніка і гэтак далей. Гэта розныя сфэры, паколькі пасьля фізічнай працы арганізм чалавека хутка аднаўляецца. Беларускія ж настаўнікі выкладаюць звыш усялякіх разумных межаў, каб толькі неяк пракарміць сябе ды свае сем'і. Такая пазыцыя прадстаўнікам ураду не спадабалася. Прэм'ер моцна абурыўся".

Настаўніцкія прафсаюзы, паводле інфармацыі іхных лідэраў, зараз будуць чакаць ад ураду афіцыйнай рэакцыі. Калі ж улады праігнаруюць патрабаваньні 167-і тысячаў настаўнікаў, то прафсаюзы, падкрэсьліла Чобатава, не выключаюць, што настаўнікі адважацца на больш радыкальныя дзеянні. І тады прафсаюзныя лідэры мусяць узначаліць страйкі педагогаў. Хаця, як патлумачыла Тамара Чобатава, тут прафсаюзы сутыкнуцца з эканамічнымі праблемамі.

(Чобатава: ) "Для таго, каб страйкаваць, патрэбна мець вялікія матэрыяльныя рэсурсы. Аднадзённы альбо нават двухдзённы страйк мы б неяк маглі кампэнсаваць настаўнікам. Але працяглы –не. Але што страйк можа адбыцца, мы не выключаем".

XS
SM
MD
LG