Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Беларусь губляе ўласны рынак піва: буйныя гарады краіны запоўненыя півам расейскай вытворчасьці. Між тым, адна з найбуйнейшых у Расеі піваварная кампанія "Балтыка" разглядае пляны пашырэньня экспансіі ў Беларусі, у прыватнасьці, зьбіраецца купіць адзін зь мясцовых бровараў.

Эмісары з Санкт-Пецярбургу прыяжджалі ў Менск яшчэ летам. На перамовах з дырэктарам сталічнага бровару "Крыніца" Уладзімерам Бадровым была прапанаваная вялізная, паводле беларускіх маштабаў, сума расейскіх інвэстыцыяў – $50 млн. Але грошы ўкладаліся толькі з умовай, што "Балтыка" будзе распараджацца кантрольным пакетам акцыяў. Ад такога варыянту Бадроў адмовіўся.

Вось як гэта камэнтуе прэсавы сакратар "Крыніцы" Аляксандар Ліманоўскі:

(Ліманоўскі: ) "Увогуле, мы гатовыя прымаць інвэстыцыі, але з умовай, каб у нас не патрабавалі кантрольны пакет акцыяў. Гэткім чынам "Крыніцу" проста купляюць, мы тады будзем вымушаныя выходзіць пад маркай той жа "Балтыкі". Мы адмовіліся, але гэта не азначае, што адмовіцца нехта яшчэ. Іншая справа, што асноўная ўвага ўсё роўна будзе сканцэнтраваная на адным з пяці самых буйных заводаў рэспублікі: гэта "Аліварыя", Рэчыца, Ліда, Брэст і тэарэтычна зноў "Крыніца". Сюды можна ўкладаць грошы; дробныя заводы нікога не цікавяць, бо эканамічна больш выгадна пабудаваць новы".

Мяркуе Аляксандар Ліманоўскі.

Ні на адным з вышэйпералічаных беларускіх піўзаводаў інфармацыю пра верагоднасьць, так бы мовіць, "балтыйскага палёну" не пацьвердзілі. Але ўсюды канстатавалі, што адмаўляцца ад беларускай прыналежнасьці на этыкетках і зьмесьціва ў бутэльках у іхныя пляны не ўваходзіць. Што тычыцца эканамічнай палітыкі кіраўніцтва расейскага прадпрыемства, то пасьля няўдачы з "Крыніцай" магчымая экспансія трымаецца ў сакрэце. Але, як пацьвердзілі мне ў аддзеле маркетынгу, беларускі рынак застаецца для "Балтыкі" (цытую) "стратэгічна прывабным".

Падобны інтарэс, падмацаваны, безумоўна, дэмпінгавым коштам (у Расеі аналягічны тавар каштуе значна даражэй), не выпадковы. Паводле экспэртаў, якасьць санкт-пецярбургскага піва апошнім часам адчувальна пагоршылася. Калі да крызісу 98-га году асноўны кампанэнт – солад – набываўся выключна ў Францыі, то год таму тэрмінова заснаваная соладавая кампанія пачала працаваць на расейскім матэрыяле. Знаўцы розьніцу адчулі адразу ж. Да таго ж, канкурэнцыя на рынку піва ў Расеі вялізная. Завалодаць немалой арміяй піўных гурманаў у Беларусі марыць большасьць расейскіх вытворцаў. Той, хто здолее прапанаваць прыцягальныя ўмовы, але без ультыматуму валоданьня кантрольным пакетам акцыяў, мае шанцы трывала тут асесьці. Да гэтага штурхаюць канкурэнтаў і самі беларускія вытворцы. Кошт, напрыклад, асобных гатункаў лідзкага піва ўжо перавышае зусім ня горшыя паводле якасьці расейскія. Але такім багатым асартымэнтам, ня кажучы ўжо пра таварны выгляд бутэлькі, ніхто з беларускіх вытворцаў пахваліцца ня можа.

XS
SM
MD
LG