Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Праблема абароны беларускага харчовага рынку зноў нагадала аб сабе. Але гэты разам абараняцца ўжо трэба не ад вывазу беларускіх прадуктаў у Расею ці Украіну, але ад увозу расейскага і ўкраінскага харчу ў Беларусь.

Гомельскія харчовыя рынкі адчулі націск расейскіх тавараў яшчэ летам. А зараз гэтыя тавары пераважаюць літаральна паўсюль. Вось што распавяла сёння на Цэнтралным рынку прыватная гандлярка харчовымі таварамі, якая назвалася Людмілай Мікалаеўнай.

(Людміла: ) "Макароны ў нас расейскія, грэчка з Расеі, цукар з Расеі – карацей усё з Расеі. Нават алей ў бутэлках – таксама з Расеі. Харч там таньней амаль напалову, таму і прывозім сюды на продаж".

Выбар сапраўды багаты. Адных макаронаў – шэсьць гатункаў. З Навазыбкава, з Масквы.

Далейшае падарожжа між гандлёвых радоў выяўляе безьліч іншага традыцыйнага харчу: натуральныя сокі "Любімы сад" з расейскай сталіцы, аўсянка - з Кастрамы, пячэнне абрыкосавае і з разынкамі – з Бранску, цукеркі шакаладныя "Мара студэнта" – з Курску.

У крытым павілёне прадаюць сасіскі з Калінінграду, не кажучы ўжо пра марскую рыбу, рыбныя кансервы альбо краснадарскі рыс.

Дапаўняе малюнак пенсіянер Міхаіл Іванавіч: "Нават хлеб прывозяць, батоны прывозяць – сам купляю".

Расейскі хлеб і батоны з Навазыбкава і Злынкі з'явіліся на гомельскіх рынках пасля чарговага падвышэння ўладамі цэнаў на айчынную хлебабулачную прадукцыю. Прывозяць расейскія хлеб і батоны мяшкамі і прадаюць не толькі на рынку, але і каля чыгуначнага вакзалу. Прапануюць гэту прадукцыю і жыхарам Добрушу – самага бліжэйшага да Расеі раённага цэнтру ў рэгіёне.

Батоны з суседняй дзяржавы ідуць нарасхоп. Яны таньней за беларускія на 80-100 рублёў. Да таго ж больш якасныя – бялюткія , без дабаўленьня жытнёвай мукі, якую прызвычаіліся скарыстоўваюць беларускія хлебапёкі.

Цяперашняя сітуацыя зьвяла на нішто дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі нумар 15, які прадугледжваў жорсткія меры адносна вывазу прадуктаў за межы краіны.

Распавядае намеснік начальніка Гомельскай мытні Анатоль Рабцаў.

(Рабцоў: ) "Указ яшчэ дзейнічае, але прадукты не вывозяцца. Гэта немэтазгодна. Прадукты ў Расеі сталі таньней, чымся ў Беларусі. Таму ніхто іх адсюль не вывозіць. Адпала эканамічная неабходнасць дэкрэту".

XS
SM
MD
LG