Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Аляксандар Сердюкоў, Магілеў

Магілеўскае прасдтаўніцтва Беларускага Гэльсынскага камітэту ў дзень гадавіны прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека плянуе распаўсюдзіць у цэнтры гораду больш як 5000 улётак.

Ведаючы пра тое, што магілеўскія ўлады дазволяць пікетаваньне на ўскрайку гораду, а не ў яго цэнтры, мясцовыя праваабаронцы пайшлі іншым шляхам. Кіраўнік Магілеўскага прадстаўніцтва Беларускага Гэльсынскага камітэту Валеры Сівуха заявіў: "Навошта падладжвацца пад улады, якія заўжды прапануюць нейкія свае месцы? Мы адзначым гэтае сьвята і бяз іх дазволу ў цэнтры гораду".

Як стала вядома, праваабаронцы надрукавалі 5000 улётак, у якіх утрымліваецца інфармацыя пра дэклярацыю і пра тое, хто ў Магілеве можа дапамагчы бараніць правы чалавека. У сьпісе згадваюцца і дэмакратычныя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і Радыё Свабода.

У нядзелю, 10 сьнежня, у 51-ю гадавіну прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека а 12 гадзіне прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Магілеву пройдуць па цэнтральных вуліцах гораду і раздадуць жыхарам улёткі з заклікам пабудаваць у Беларусі прававую дзяржаву. Мяркуецца, што частка ўлётак будзе накіраваная ў Бабруйск, Крычаў ды іншыя гарады Магілеўскай вобласьці.

XS
SM
MD
LG