Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора ў Брусэлі закончылася сустрэча міністраў абароны 19-ці краінаў-сябраў НАТО. У цэнтры ўвагі міністраў была ідэя стварэньня эўрапейскіх сілаў хуткага рэагаваньня, якія дазволілі б Эўропе самастойна праводзіць міратворчыя апэрацыі і, што галоўнае, стаць больш незалежнымі ад вайсковай магутнасьці ЗША. Аднак ідэя стварэньня эўрапейскіх сілаў хуткага рэагаваньня ўздымае важнае пытаньне: а што тады станецца з трансатлянтычным саюзам НАТО?…

З даволі катэгарычнай заявай зьвярнуўся да сваіх эўрапейскіх калегаў міністар абароны ЗША Ўільям Коэн. Ягоная прамова была тым болей нечаканая, бо Злучаныя Штаты даўно выступалі за ўмацаваньне баяздольнасьці Эўропы, каб аблегчыць задачы ўзброеных сілаў ЗША.

У кастрычніку ў часе аналягічнай сустрэчы міністраў абароны краінаў НАТО Злучаныя Штаты прывіталі плян стварэньня эўрапейскіх сілаў хуткага рэагаваньня. Новае фармаваньне мае ўзьнікнуць да 2003 году, павінна налічваць 60 тысячаў вайскоўцаў, прыблізна 400 ваенных самалётаў і больш за сто караблёў.

Гэты кантынгент мог бы цягам двух месяцаў быць разьмешчаны ў зоне канфлікту. Ён без удзелу НАТО праводзіў бы міратворчыя апэрацыі і разьдзяляў бы варагуючыя бакі. Дагэтуль такая канцэпцыя карыстался падтрымкай з боку Вашынгтону, аднак учора Коэн надзвычай эмацыйна перасьцярог перад магчымым аслабленьнем альбо нават разбурэньнем НАТО:

(Коэн: ) "Я проста хачу перасьцерагчы, што хаця новыя сілы патрэбныя і мы рашуча падтрымоўваем умацаваньне ваеннай моцы Эўропы, аднак новае фармаваньне ня можа спаборнічаць альбо быць з НАТО ў канфлікце".

На думку міністра абароны ЗША, НАТО мае перад сабою пэрспэктыву "альбо жывучасьці, альбо заняпаду".

Эўразьвяз павінен умацоўваць баяздольнасьць сваіх узброеных сілаў, але павінен таксама быць выпрацаваны "мэханізм супрацоўніцтва" з НАТО гэткім чынам, каб не быць канкурэнтам альянсу.

" Калі паміж НАТО і сіламі хуткага рэагаваньня будзе поўная "адкрытасьць, празрыстасьць і неканкурэнцыйнасьць", тады Злучаныяя Штаты застаюцца прыхільнікамі ідэі стварэньня такіх сілаў," - адзначыў Коэн. У іншым выпадку, саюз НАТО " станецца рэліктам мінулага", а Злучаныя Штаты хочуць захаваць адзінства альянсу.

Прамова Коэна сьпярша выклікала цішыню ў залі, а потым адазваліся бурныя апладысмэнты. Амэрыканскага міністра адразу падтрымаў генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан.

" Коэн меў права перасьцерагчы нас, а міністры мелі права выслухаць яго. Калі падусьціць мноства памылак, тады НАТО будзе не да месца… Дубляваньне адзін аднаго і спаборніцтва паміж дзьвюма ўстановамі небясьпечнае для абедзьвюх арганізацыяў. Аднак мы лічым, што трансатянтычны саюз застаецца падмуркам нашай бясьпекі, а НАТО - краевугольным камянём гэтай бясьпекі," -сказаў Робэртсан.

У адказ на прамову Коэна зь неадкладным тлумачэньнем выступіў у Парыжы кіраўнік ведамства зьнешняй палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу Гаўер Саляна. Ён адзначыў, што будучыя сілы хуткага рэагаваньня ня будуць "эўрапэйскай арміяй". Яны ў ніякім выпадку не аслабяць НАТО і будуць зь ім супрацоўнічаць.

Ёмістае слова "супрацоўніцтва" для некаторых эўрапэйцаў абсалютна не азначае, што будучыя сілы абавязкова павінны свае крокі каардынаваць і плянаваць пад патранажам НАТО.

"У нас несумненна іншы погляд на гэты конт," - заявіў міністар абароны Францыі Ален Рышар. Францыя, якая не належыць да вайсковых структураў НАТО, настойвае на стварэньні незалежных ад НАТО, а гэта значыць, што і ад ЗША. Аб яе пазыцыі найлепш сьведчыць той факт, што Парыж ужо задэкляраваў вылучыць у сілы хуткага рэагаваньня ажно 12 тысячаў вайскоўцаў.

Паводле газэты International Herald Tribune, заява Ўільяма Коэна азначае, што гэткім чынам Злучаныя Штаты схіляюць эўрапейскіх лідэраў заняцца ў часе саміту ў Ніцы пытаньнямі бясьпекі.

XS
SM
MD
LG