Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Практычна штогод Эўропу скаланаюць скандалы, зьвязаныя з ужываньнем мяса жывёлы, хворай на шаленства. На краіны, дзе выяўленая хвароба, накладаецца гандлёвае эмбарга, а дзясяткі тысячаў жывёлін зьнішчаюцца. Беларусь у якасьці транзытнай тэрыторыі працягвае штодзённа сутыкацца з патэнцыйна небясьпечнымі прадуктамі.

Штодня заходнія межы краіны перасякаюць вялікагрузныя аўтамабілі, што дастаўляюць з Эўропы гатовыя мясныя вырабы ды паўфабрыкаты ў Расею, Украіну, іншыя краіны СНД. І амаль штодня санітарныя ворганы маюць прэтэнзіі да пастаўшчыкоў. Нейкі час падобны тавар канфіскоўваўся і альбо аддаваўся ў розьнічны гандаль, альбо перарабляўся на мяса-косьцевую муку – якраз тое, што найчасьцей і становіцца прычынай захворваньня жывёлы. Зараз, паводле начальніка інспэкцыі ветэрынарнага нагляду Мінсельгасхарчу Віктара Канавода, падобнае не практыкуецца.

(Канавод: ) "Мы прынцыпова не бярэм грузаў з гэтых краінаў з таго моманту, як зьявіліся першыя трывожныя сымптомы, г.зн. гадоў недзе пяць. Заўсёды ёсьць "чорны" сьпіс, ён увесь час карэктуецца. Увесь паток выключна транзытны. Раней былі выпадкі, калі грузы пасьля затрымкі аддавалі ў гандаль, перапрацоўвалі. Цяпер устаноўка – толькі на зварот. Гэта абумоўлена вялізнымі стратамі і непатрэбнай рызыкай. Мяркуйце: страты на энэрганосьбіты падчас утылізацыі (а палілі, бывала, суткамі) куды большыя, чым кошт тых жа каўбасаў ды сасісак. Таму калі цяпер мытня мае падазрэньні на верагоднасьць шаленства, даем зварот без пытаньняў".

(Карэспандэнт: ) "Іншымі словамі, шанцаў заразіцца шаленствам ў беларусаў няма?"

(Канавод: ) "Каб заразіцца, яго трэба зьесьці. І зьесьці трэба або галаўны, або сьпінны мозг. Так складана і заразіцца, між іншым".

Упэўнены Віктар Канавод.

Між іншым, незалежныя крыніцы лічаць, што поўнай бясьпекі няма. І прычынай таму – празрыстыя межы з Расеяй, куды ідзе асноўная маса харчаваньня, што завозіцца з Захаду. Дарагоўля беларускіх прадуктаў у параўнаньні з расейскімі вымушае мясцовых прыватных ды гуртовых гандляроў завозіць пэўны асартымэнт менавіта з Расеі. Гэтая харчовая плынь нікім не кантралюецца, а небясьпечны асартымэнт тым часам пашыраецца. Эўрапейскія мэдыкі канстатавалі, што бактэрыі могуць знаходзіцца нават ў казіным сыры і птушыных яйках. Пэўнай гарантыяй ад заражэньня, якое можа праявіцца ажно праз 5 гадоў, зьяўляецца калі толькі тое, што пасьля шэрагу скандалаў у Францыі, Галяндыі й Вялікай Брытаніі расейскія фірмы пачалі пасылаць сваіх мэдыкаў, каб тыя непасрэдна кантралявалі забой жывёлы толькі ў надзейных і чыстых рэгіёнах.

Але і гэта ня можа служыць стопрацэнтнай гарантыяй. Таму беларускія вэтэрынары мяркуюць падчас небясьпекі дзейнічаць радыкальна. Менавіта так, як у гісторыі з чатырма транзытнымі вярблюдамі, якіх усыпілі з-за падазрэньня ў шаленстве насуперак перакананьням і даведкам гаспадара. Як сказаў мне адзін чыноўнік у Міністэрстве аховы здароўя, лепей спаліць пару вярблюдаў, чым заразіць усё насельніцва Беларусі. І дадаў, што асноўны спосаб застацца па-за небясьпекай – ператварыцца ў вегетарыянцаў. Зрэшты, менавіта гэта і выратоўвае многіх беларусаў цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў.

XS
SM
MD
LG