Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

На салігорскім аб'яднаньні "Беларуськалій" прастойвае ад паловы да дзьвюх трацінаў вытворчых магутнасьцяў для здабычы і вытворчасьці мінэральных угнаеньняў. Як тлумачаць прадстаўнікі адміністрацыі, такое становішча выкліканае намерам расейскага аб'яднаньня "Уралкалій" адмовіцца ад супрацоўніцтва з "Беларуськаліем"…

"Беларуськалій" вымушаны быў рэзка скараціць аб'ёмы здабычы сыльвініту і вытворчасьці мінэральных угнаеньняў. Напрыканцы верасьня традыцыйныя азіяцкія спажыўцы прадукцыі расейска-беларускай Міжнароднай калійнай кампаніі нечакана спынілі закупку салігорскіх угнаеньняў.

Паводле сьведчаньня дырэктара прадстаўніцтва кампаніі ў Менску Андрэя Гурыновіча, намер расейскага ўдзельніка кампаніі - "Уралкалія" - пачаць рэалізацыю ўгнаеньняў праз канадзкую фірму "Канпатэкспарт" (бо гэта расейскай кампаніі эканамічна больш выгадна) выклікаў "неразьбярыху на міжнародным рынку". А раптам цяпер расейскі калій пойдзе па больш танных коштах, чымся прадаецца калій беларускі (102 – 107 даляраў за тону)? Пакупнікі затаіліся і цярпліва чакаюць 1 студзеня 2001 году. На гэты дзень заплянаванае падпісаньне адпаведнага пагадненьня паміж кіраўнікамі "Уралкалію" і "Канпатэкспарту". Памочнік генэральнага дырэктара салігорскага аб'яднаньня Юры Казееў на просьбу Радыё Свабода пацьвердзіў:

(Казееў: ) "Уралкалій" сапраўды выходзіць са складу Міжнароднай калійнай кампаніі".

Спадар Казееў выказаў спадзяваньне, што становішча на "Беларуськаліі" хутка стабілізуецца, калі пасяўная кампанія запатрабуе ад прадпрыемства аднавіць ранейшыя аб'ёмы здабычы сыльвініту.

Не такі аптымістычны настрой у лідэра Незалежнага прафсаюзу гарнякоў аб'яднаньня Міколы Новіка. Ён распавёў, што цяпер больш як дзьве тысячы работнікаў забойнай групы сталіся часткова беспрацоўнымі. Нехта зь іх пераведзены на розныя рамонтныя ды іншыя другасныя работы. Нехта сыйшоў у змушаны адпачынак з частковай аплатай.

Два з чатырох прадпрыемстваў аб'яднаньня гэты час не здабывалі калійную руду. Такім чынам, як мінімум пяцьсот тысячаў тонаў сыльвініту ня трапілі ў продаж. У такім становішчы спадар Новік абвінавачвае найперш дзяржаву, якая ігнаруе рынкавыя законы і якая была зусім не падрыхтаваная да распаду Міжнароднай калійнай кампаніі.

Менавіта ўрад, адміністрацыя Лукашэнкі навязалі сёлета аб'яднаньню пастаўку мільёну тонаў мінэральных угнаеньняў калгасам і саўгасам коштам 5 даляраў за тону. У той час, калі яе сабекошт складае 46 даляраў. Гэта чацьвертая частка аб'ёму сёлетняй гадавой прадукцыі "Беларуськалія". Гаворыць Мікола Новік:

(Новікаў: ) "Я думаю, мы хутка сядзем на мель і не выплывем ніколі з гэтай эканамічнай багны. Мы застанемся фінансавымі банкрутамі".

Сваю заклапочанасьць выказаў і старшыня прафкаму хімікаў Леанід Зайцаў. Ён абвінаваціў нямецкія прафсаюзы, якія ўваходзяць у міжнародную прафсаюзную асацыяцыю "Айсэм" у тым, што яны падтрымалі антыдэмпінгавыя санкцыі краінаў Заходняй Эўропы супраць беларускіх калійнікаў.

XS
SM
MD
LG