Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

(эфір 5 сьнежня)
У Менску завершыла працу місія Міжнароднага валютнага фонду. На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі гэтай фінансавай арганізацыі падсумавалі вынікі візыту.

Мэтаю візыту місіі Міжнароднага валютнага фонду было пераадоленьне працяглага застою ва ўзаемных дачыненьнях зь Беларусьсю. З такой просьбаю афіцыйны Менск зьвярнуўся да кіраўніцтва МВФ пад час нядаўняга штогадовага сходу гэтай арганізацыі.

У адказ Фонд распрацаваў праграму партнэрства й зьбіраўся падпісаць зараз зь беларускімі ўладамі Мэмарандум у супрацоўніцтве. Сёньня гэты намер абмяркоўваўся на перамовах місіі МВФ са старшынём Нацыянальнага банку спадаром Пракаповічам і прэм'ер-міністрам Уладзімерам Ярмошыным.

Як паведамілі прадстаўнікі Фонду на прэсавай канфэрэнцыі, перамовы аказаліся безвыніковымі. Падпісаньне Мэмарандуму было адкладзена. Чаму? Адказваючы на гэтае пытаньне нашага радыё, кіраўніца місіі спадарыня Марта дэ Кастэла-Бранка зазначыла:

"Падпісаньне Мэмарандуму можа адбыцца тады, калі будзе дасягнутая згода ў поўным пакеце патрэбных захадаў. Пад час перамоваў мы закраналі шырокае кола пытаньняў, шмат праблемаў, і таму за адзін раўнд цяжка дасягнуць станоўчага выніку. Мы прапанавалі, каб кіраўніцтва краіны разгледзела нашыя рознагалосьсі й пачало ажыцьцяўленьне захадаў з тым, каб нашыя далейшыя перамовы былі больш лёгкімі. Мы дамовіліся, што варта прысьпешваць лібэралізацыю, праводзіць структурныя пераўтварэньні. Што ж тычыцца больш канкрэтных дзеяньняў, дык патрэбен некаторы час для таго, каб зьблізіць нашыя пункты гледжаньня", — зазначыла Марта дэ Кастэла-Бранка.

Сталы прадстаўнік МВФ у Беларусі Марк Гортан паведаміў, што місія найперш зьвярнуўла ўвагу беларускіх уладаў на неабходнасьць у эканоміцы краіны структурных рэформаў. У прыватнасьці, прадстаўнікі Фонду параілі палепшыць прадпрымальніцкі клімат у Беларусі.

Але такое паляпшэньне, на думку экспэртаў МВФ, немагчыма ажыцьцявіць без скасаваньня шэрагу ўказаў і дэкрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Найперш місія выказала пажаданьне зьліквідаваць сумнавядомы дэкрэт №40, паводле якога ў Беларусі можа быць зканфіскаваная маёмасьць прадпрымальнікаў не ў судовым парадку, а паводле асабістага рашэньня Лукашэнкі.

Як зазначылі прадстаўнікі Фонду, беларускія ўлады маюць намер разледзець ініцыятывы місіі ў бліжэйшыя некалькі тыдняў. І калі гэтая рэакцыя будзе станоўчаю, тады, паводле словаў спадара Марка Гортана, ужо ў студзені бакі паспрабуюць дамовіцца яшчэ раз.

XS
SM
MD
LG