Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

На які дзень могуць быць прызначаныя прэзыдэнцкія выбары? З гэтым пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да палітолягаў, юрыстаў і палітыкаў.

Дата выбараў прэзыдэнта ў Беларусі пакуль не прызначаная, але перадвыбарчая кампанія, калі разглядаць выступы і рашэньні Аляксандра Лукашэнкі апошніх месяцаў, дэ-факта пачалася. Гэта асабліва відаць па тых ўказах кіраўніка дзяржавы, што закранаюць сацыяльную сфэру, падвышэньне пенсіяў і заробкаў.

Зразумела, што да прэзыдэнцкіх выбараў рыхтуецца і апазыцыя. Але складваецца ўражаньне, што бакі знаходзяцца ў загадзя няроўных умовах. У той час як улада, відавочна, ужо распрацавала нейкі альгарытм дзеяньняў і можа плянаваць сваю кампанію з разьлікам на канкрэтную дату, апазыцыі застаецца толькі падладжвацца, чакаючы, калі ж будзе аб'яўлены дзень "ікс". Між тым, часавыя рамкі для прызначэньня даты выбараў паводле лукашэнкаўскай канстытуцыі 96-га году застаюцца вельмі шырокія і няпэўныя. Гаворыць былы сябра Канстытуцыйнага суду, кіраўнік Беларускага цэнтру канстытуцыяналізму Аляксандр Вашкевіч.

(Вашкевіч: ) "Згодна з артыкулам 81-м канстытуцыі выбары прэзыдэнта павінны прызначацца "палатай прадстаўнікоў". Даволі цікавая фармулёўка у абзацы трэцім 81-га артыкула, паводле якой яны прызначаюцца не пазьней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней чым за два месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта. Што гэта азначае на практыцы? Тое, што выбары павінны быць прызначаныя не пазьней за 28 чэрвеня 2001 году. Але фармулёўка "не пазьней" ня вельмі дакладная. У канстытуцыі няма адказу на пытаньне, ці можа дзеючы прэзыдэнт прызначыць выбары раней сканчэньня сваіх паўнамоцтваў. Канстытуцыі гэта практычна не рэгулюе".

Такім чынам, заканадаўства, да якога Аляксандр Лукашэнка і так ставіцца ня вельмі трапятліва, не стварае аніякіх перашкодаў для таго, каб прызначыць дату прэзыдэнцкіх выбараў, напрыклад, на вясну наступнага года. Наколькі выгадным для ўлады быў бы такі тэрмін выбараў? Вось што мяркуе палітоляг Вячаслаў Оргіш.

(Оргіш: ) "Тэрмін прызначэньня вясновы – больш падыходзячы для ўладаў, для Лукашэнкі. За тры-чатыры месяцы апазыцыя ня здолее нікога раскруціць. На сёньняшні дзень, мне здаецца, апазыцыя і блізка ня вызначылася, за каго яна пойдзе галасаваць".

(Карэспандэнт: ) "Цяжка вылучаць кандыдата, калі не прызначаныя яшчэ выбары…"

(Оргіш: ) "Гэта зразумела, тактычна ў гэтым пляне сэнсу няма гаварыць пра рэальнага кандыдата, калі тэрмін не прызначаны. Але я мяркую, што па ўсім бачачы, гэтая пазыцыя ўвогуле не знайшла агульны прынцып, якім яна будзе кіравацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Калі нават будзе высунутая адзіная кандыдатура, то яго трэба раскруціць, і для гэтага патрэбны пэўны час. Тры месяцы, гэта той тэрмін, якога ня хопіць, каб гэтая раскрутка адбылася як сьлед".

Мяркуе палітоляг Вячаслаў Оргіш. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вячаслаў Сіўчык сьцьвярджае, што сцэнар прызначэньня выбараў на вясну ня стане нечакасьцю для апазыцыі.

(Сіўчык: ) "Што тычыцца пытаньня, ці магчыма за тры месяцы раскруціць кандыдата ў прэзыдэнты, то тут можна спаслацца ня толькі на беларускі вопыт, але і на замежны. Прыгадайце, за колькі часу да выбараў быў абвешчаны кандыдатам цяперашні прэзыдэнт Югаславіі Каштуніца – за два з паловай месяцы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG