Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Лідэры беларускай апазыцыі лічаць, што абвешчанае Аляксандрам Лукашэнкам пашырэньне функцыяў пракуратуры Беларусі ёсьць толькі прапагандысцкім захадам у межах распачатай барацьбы за прэзыдэнцкую пасаду на новы тэрмін. Rамэнтары Вінцука Вячоркі, Мечаслава Грыба і Анатоля Лябедзькі да ўчорашняй прамовы Аляксандра Лукашэнкі ў пракуратуры.

Ўчорашні выступ Аляксадра Лукашэнкі ў пракуратуры Беларусі падчас прадстаўленьня Віктара Шэймана шырока камэнтуецца лідэрамі беларускай апазыцыі. Асаблівая ўвага надаецца заяве кіраўніка дзяржавы пра наданьне пракуратуры каардынуючых функцыяў у барацьбе праваахоўчых ворганаў са злачыннасцю, дэструктыўнымі сіламі, і найперш з так званай "карумпаванай апазыцыяй", якая , паводле Лукашэнкі, "любымі шляхамі імкнецца захапіць ўладу ў краіне". Старшыня БНФ Вінцук Вячорка перакананы ў прапагандысцкай сутнасці гэтай заявы, аднак не выключае, што роля пракуратуры ў раскручваньні падобных справаў, сапраўды, павялічыцца.

(Вячорка: ) "Пракуратура як апірышча закону ў Беларусі даўно страціла сэнс, і тое, што ён агучыў – зусім лягічна. Наконт карумпаванасьці – гэты ярлык клеіўся Лукашэнкам да сваіх патэнцыйных рэальных ці віртуальных ворагаў пад час ягонай выбарчай кампаніі ў 1994 годзе. Зараз гэты ярлык зноўку выцягваецца на Божае сьвятло. Трэба чакаць калі не судовых, дык, прынамсі, прапагандовых захадаў у гэтым кірунку, хаця яны гучаць даволі сьмешна ў дачыненьні да той незалежніцкай апазыцыі, якая ніколі не была ані пры ўладзе, ані пры эканамічных рычагах".

Вінцук Вячорка мяркуе, што захаваньне за Віктарам Шэйманам, як і раней, функцыяў каардынатара праваахоўчых ворганаў сьведчыць не пра ягоныя прафесійныя якасці, а толькі пра інфармаванасць ў галоўных сакрэтах кіраўніка беларускай дзяржавы.

Лідэр БНФ не выключае, што неўзабаве пачнецца жорская канкурэнтная барацьба паміж Шэйманам і новым кіраўніком Рады бяспекі, прафесійным чэкістам Ўралам Латыпавым за гэтую каардынуючую функцыю.

Былы старшыня Вярхоўнага Савета, адзін з лідэраў "Народнай грамады" Мечаслаў Грыб скептычна ставіцца да таго, што пракуратура здолее выканаць ролю галоўнага барацьбіта з карупцыяй ў Беларусі. Грыб згадвае, што, паводле закону аб пракуратуры, яна не мае права сачыць за тым, як выконвае законы прэзыдэнт, ягоная адміністрацыя, кіраўніцтва справаў і Палаты прадстаўнікоў. Ранейшыя спробы змяніць становішча, пашырыць паўнамоцтвы пракуратуры сустракалі жорскае супрацьдзеяньне намэнклятуры. Гаворыць Мечаслаў Грыб:

(Грыб: ) "Гэта яшчэ йдзе з савецкіх часоў. І там пракуратура ня мела права нагляду за аднаабразным выкананьнем закону вышэй міністэрства, і тут яна ня мае. І ў нас у свой час прымалі Канстытуцыю, не ўдалося гэта зьмяніць. Калі была прэзыдэнцкая – ўносілі прапанову – катэгарычна гэта адрынулі. І гэта засталося так, як ёсьць. Колькі ня біліся, не змагаліся за тое, каб зрабіць рэвізію гаспадарчай і фінансавай дзейнасьці кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, 13-га скліканьня, Кантрольная палата – ўсе атрымалі па зубах. Усіх разагналі. А рэвізіі й да сёньняшняга дня ніхто не зрабіў".

Мэчыслаў Грыб перакананы, што размовы пра карэктаваньне закону аб пракуратуры, якія ўчора распачаў Аляксандр Лукашэнка, застануцца размовамі, паколькі ён і ягоны апарат ў гэтым не зацікаўленыя.

Прапагандысцкі характар заяваў Лукашэнкі наконт пашырэньня функцыяў пракуратуры адзначыў ў сваім камэнтары і лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Ён мяркуе, што пракуратура пры Шэймане застанецца "пахавальным бюро" гучных справаў пра зьнікненьне палітычных супернікаў Лукашэнкі. Што ж тычыцца магчымасьці ўзбуджэньня гучных справаў супраць апазыцыянэраў, абвінавачваньне іх у сувязях са злачыннасьцю ці карумпаванасьці, то Лябедзька гэта ня выключыў. Ён, аднак, лічыць, што эфэкту такія кампаніі будуць мець ўсё менш. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Усяму ёсьць нейкая мяжа. Тое, што давала нейкі палітычны прыбытак тры гады назад у краіне, ну, напрыклад, калі нешта здарылася, дык амэрыканцы вінаватыя. Гэта ня можа цягнуцца бясконца, калі ва ўсіх праблемах, якія адбываюцца ў краіне вінаватыя Амэрыка, Эўропа. Калі гэта гучыць цягам некалькіх гадоў, я думаю, кола людзей, якія давяраюць гэтай інфармацыі, звужацецца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG