Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Прафсаюзы адмаўляюцца падпісваць Генэральнае пагадненьне з урадам і наймальнікамі. Пра гэта было заяўлена сёньня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі ў Фэдэрацыі прафсаюзаў…

Супраць падпісаньня Генэральнага пагадненьня на бліжэйшыя тры гады выказаўся Прэзыдыюм Фэдэрацыі. Як паведаміў журналістам намесьнік старшыні Фэдэрацыі Франц Вітко, прафсаюзныя лідэры лічаць дакумэнт непрымальным. Варыянт Генэральнага пагадненьня, на якім настойваюць урад і дырэктарскі корпус, адлюстроўвае, паводле словаў Вітко, найперш іхныя інтарэсы:

(Вітко: ) "На вялікі жаль, і ў дзяржаўных ворганаў, і ў наймальнікаў стаўленьне да індэксацыі даходаў, да інфляцыі не такія, як паждана. Больш за тое, сёньня грамадзтву навязваецца думка аб тым, што галоўнай крыніцай інфляцыі – гэта, ведаеце, рост цэнаў на энэргарэсурсы, вось цэнаў на нафту, таму павялічваюцца цэны на тавары. Інфляцыя – гэта цалкам грашовая праблема. Павялічваюцца цэны, калі ў вас няма рэальнага росту аб'ёмаў вытворчасьці тавараў і паслуг".

На думку прафсаюзаў, прычыны цяперашняга сацыяльнага крызісу палягаюць у неэфектыўнай эканамічнай палітыцы, якую праводзіць урад краіны. Высокія цэны ў крамах справакаваныя неплацежаздольнасьцю прадпрыемстваў, іх працаю "на склад", празьмерным эмісійным крэдытаваннем дзяржаўных праграмаў. Прафсаюзы лічаць, што ўлады выступаюць супраць высокіх цэнаў ды інфляцыі толькі на словах. Гаворыць Франц Вітко:

(Вітко: ) "Адзін суб'ект толькі, які выйграе ў выніку інфляцыі – гэта дзяржава. Чаму? Таму што, калі ўзрасьлі цэны, узрасла база падаткаабкладаньня, і павялічваецца даходная частка бюджэту. Указ прэзыдэнта нумар 603, дзе ён удакладняе паказьнікі бюджэту. І даходная частка бюджэту павялічылася на 135,8 мільярда беларускіх рублёў дэнамінаваных. Гэта – вялікая маса. І затым, у тых, хто разьмяркоўвае гэтыя грошы, ёсьць магчымасьць выкарыстоўваць іх у значнай ступені кіруючыся суб'ектыўнай ацэнкай неабходнасьці".

Толькі нядаўна, паводле зьвестак прафсаюзаў, улады накіравалі 16 з паловаю мільярдаў рублёў, атрыманых у выніку вялікай інфляцыі, на дадатковае фінансаванне праваахоўчых ворганаў ды Службы бясьпекі. У той жа час, у адпаведнасьці з рашэннем Аляксандра Лукашэнкі, на 11 мільярдаў рублёў было зьніжанае фінансаванне сацыяльных праграмаў у Беларусі. І яшчэ адно прынцыповае рознагалоссе – яно датычыць намеру ўладаў павялічыць у наступным годзе сярэдні памер заработнай платы да 100 даляраў. Прафсаюзы лічаць гэта папулісцкай кампаніяй, якая насамрэч выкліча яшчэ большае зьбядненне працоўных. Франц Вітко патлумачыў гэта наступным чынам:

(Вітко: ) "Па-першае, у сярэднім гэта ўсё роўна што лічыць сярэднюю тэмпэратуру па бальніцы. Другая закладзеная падводная міна пад гэтыя 100 даляраў: я магу даць гэтую зарплату 100 даляраў, але забяру яе, напрыклад, праз аплату жыльлёва-камунальных паслугаў па сабекошце. І ў вас застанецца менш, чым ёсьць сёньня".

XS
SM
MD
LG