Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Аляксандар Лукашэнка ў часе сёньняшняе нарады ў пытаньнях росту цэнаў ды падвышэньня заробкаў заявіў, што не дазволіць ураду Ўладзімера Ярмошына кінуць Беларусь, паводле ягоных словаў, "у рынкавую стыхію, як у іншых былых саюзных рэспубліках"…

Лукашэнка таксама даручыў Ярмошыну скараціць Савет Міністраў ды зноў паабяцаў падвысіць сярэднямесячны заробак да ста даляраў.

Аляксандар Лукашэнка распачаў нараду выступам, што нагадваў крытыку ўлады з боку якога-небудзь прадстаўніка апазыцыі ці незалежнага прафсаюза. Ён казаў пра тое, што інфляцыя ня мусіць з'ядаць даходы грамадзянаў, што з крамаў зьнікаюць неабходныя прадукты з кантраляванымі дзяржаваю цэнамі. Прамова спадара Лукашэнкі скончылася пагрозаю на адрас прэм'ер-міністра Ўладзімера Ярмошына:

(Лукашэнка: ) "Вы жадаеце паўтарыць шлях шматлікіх рэспублік былога Саюзу і кінуць у рынкавую стыхію дзяржаву і народ. Гэтага ня будзе".

Аднак ён пагадзіўся з прапановамі прэм'ера Ярмошына што да скарачэньня міністэрскіх партфеляў. Кіраўнік ураду заявіў напярэдадні, што некаторыя ведамствы проста дублююць адно аднаго, таму трэба рэарганізаваць Саўмін.

Сёньня спадар Лукашэнка сказаў, што гэта трэба зрабіць "ужо ў сьнежні ды неадкладна".

У той час як нават паводле афіцыйных зьвестак запазычанасьць з выплатаю заробкаў толькі ў аграпрамысловым комплексе Беларусі перавышае 6 мільярдаў рублёў, Аляксандар Лукашэнка, як і раней, абяцае падвысіць сярэдні заробак да ста даляраў на месяц:

(Лукашэнка:) "Абапірацца будзем на невыкарыстаныя ўнутраныя рэзэрвы: падвышэньне эфэктыўнасьці вытворчасьці, жорсткую эканомію сродкаў".

Зазначыў спадар Лукашэнка ў часе нарады, дзе абмяркоўваліся ўзроўні цэнаў ды заробкаў. Тамсама ён сказаў, што нават у пярэдадзень прэзыдэнцкіх выбараў ня будзе шкадаваць сваіх чыноўнікаў. "Не чапаць чыноўнікаў, якіх, маўляў, замучылі?" — спытаў сам сябе Аляксандар Лукашэнка ды адразу адказаў: "Выкіньце з галавы такія думкі!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG