Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Нядаўна адмысловая канфэрэнцыя ААН прыйшла да высновы, што сучасная форма рабства, якое ўцягвае жанчынаў і дзяцей у прастытуцыю, а таксама міграцыю жыхароў краінаў "трэцяга сьвету" у разьвітыя дзяржавы, павялічваецца шпаркімі тэмпамі. Гэтyю зьяву ацэньвае вашынгтонскі аналітык Радыё Свабода Пол Гоўбл…

Піно Арлачы, кіраўнік офісу ААН ў справе барацьбы з наркаманіяй і злачыннасьцю, лічыць, што ў сёньняшнім сьвеце ніводная краіна ня мае, як ён выказаўся, імунітэту ад гандлю людзьмі. Ён падкрэсьлівае, што больш як чатыры мільёны чалавек штогод вывозяцца з краінаў "трэцяга сьвету" і ўцягваюцца ў прастытуцыю і ў іншыя сумнеўныя сфэры.

Спадар Арлачы перакананы, што большасьць урадаў мабілізуюць свае намаганьні ў барацьбе з эмігрантамі замест таго, каб змагацца з крымінальнымі групоўкамі, якія эксплюатуюць гэтых эмігрантаў. Пры гэтым кола інтарэсаў крыміналу ўвесь час пашыраецца, ахопліваючы сэксуальную эксплюатацыю, гандаль дзецьмі і кантрабанду чалавечых ворганаў.

Хаміш Макколах, які займаецца ў Інтэрполе барацьбой з гандлем людзьмі, заяўляе, што ў новай глябалізаванай эканоміцы чалавек разглядаецца ня больш як прадмет спажываньня. Абарот ад гандлю людзьмі ён ацэньвае ў дзевяць мільярдаў даляраў за год.

Так, з адной толькі Бразыліі ў эўрапэйскія краіны былі вывезеныя 75 тысячаў жанчынаў, якія трапілі ў бардэлі.

Часьцей за ўсё урадавыя арганізацыі не зьвяртаюць асаблівай ўвагі на завявы праваабаронцаў адносна гандлю людзьмі. Датуль, пакуль не адбываюцца зусім ўжо жудасныя выпадкі – як нядаўна ў Брытаніі, калі ў кантэйнэры былі знойдзеныя дзесяткі мёртвых кітайцаў, якіх кантрабандысты спрабавалі незаконна ўвезьці ў краіну.

Пол Гоўбл адзначае, што ўдзельнікі канфэрэнцыі ААН прыйшлі да высновы, што нават у вельмі заможных краінах урады часам ігнаруюць праблемы новых формаў рабства. Прычына часам палягае ў тым, што нелегальныя эмігранты згодныя йсьці на цяжкую працу пры такіх нізкіх заробках, на якія грамадзяне гэтых краінаў ніколі не пагодзяцца.

Барацьба з нелегальнай эміграцыяй вядзецца, пераважна праз пакараньне саміх эмігрантаў, а не тых крымінальных групаў, якія выступаюць у ролі яе арганізатараў.

Вашынгтонскі аналітык Радыё Свабода Пол Гоўбл адзначае, што практыка дэпартацыі нелегальных эмігрантаў фактычна не закранае злачыннай сыстэмы, і гэта прыводзіць да зьяўленьня ўсё новых ахвяраў пачварных формаў "сучаснага рабства".

XS
SM
MD
LG