Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Учора Вярхоўны суд ЗША ў Вашынгтоне і акруговы судзьдзя ў Талагасі, незалежна адно ад аднаго прынялі рашэньні, якія наблізілі разьвязку ў справе выбараў прэзыдэнта ЗША. Кандыдат рэспубліканцаў Джордж Буш як ніколі блізкі да прызнаньня сваёй перамогі. Аднак каманда іншага кандыдата, Эла Гора, працягвае барацьбу.

Джорд Буш вітаў учорашняе рашэньне Вярхоўнага суду ЗША вярнуць справу на разгляд Вярхоўнага суду Флярыды з просьбай да судзьдзяў больш дэталёва абгрунтаваць іхную ранейшую пастанову аб працягу тэрміну падліку галасоў у некаторых акругах.

Джордж Буш, у прыватнасьці, сказаў:

"Я задаволены фактам, што вярхоўны суд нашай краіны заслухаў нашую справу, і гэта дасьць нам упэўненасьць у справядлівасцьі выбараў".

Нагадайма, Эл Гор таксама зьвярнуўся ў суд – з патрабаваньнем неадкладнага ручнога пераліку 14-і тысячаў галасоў у дзьвюх акругах, дзе ручны пералік так і ня быў завершаны. Аднак, акруговы су дзьдзья ў сталіцы Флярыды Талагасі Эн. Сандэрс Солз заявіў, што ня бачыць доказаў, быццым такі пералік мог бы прынесьці перамогу Гору альбо што вынікі галасаваньня былі падробленыя.

(Салз: ) "У гэтай справе няма абгрунтаваных статыстыкай, альбо іншых пераканаўчых рэчавых доказаў перавагі ці разумных довадаў таго, што адбытыя вынікі выбараў у штаце Флярыда могуць адрозьнівацца ад вынікаў, зацьверджаных дзяржаўнай выбарчай камісыяй штату."

Да гэтага судзьдзя дадаў.

(Салз: ) "Прадстаўленыя матэрыялы ня ўтрымліваюць ніякіх сьведчаньняў аб парушэньнях закону, нясумленнасьці, яўнай абыякавасьці, няправільным трактаваньні, прымусе, альбо падмане у працэсе падліку выбарчых бюлетэняў".

Цяпер, як піша газэта Wall Street Jornal in Europe,
Эл Гор апынуўся перад надзвычай цяжкай задачай – паспрабаваць пераканаць Вярхоўны суд Флярыды пакінуць яму апошнюю магчымасьць посьпеху.

Вярхоўны суд Флярыды, у якім засядаюь шасьцёра дэмакратаў і адзін незалежны су дзьдзья, зноў апынуўся ў цэнтры барацьбы за прэзыдэнцкае крэсла – лічыць газэта.

Газэта прыводзіць выказваньне прафэсара канстытуцыйнага права з унівэрсытэту Маямі Патрыка Гэдрыджа: " Гэта лябірынт. Гэта памылковы шлях. І гэта замінаванае поле для Вярхоўнага суду Флярыды. Разам з тым, гэта надзвычай складанае выпрабаваньне для адвакатаў Гора".

Паводле федэральнага закону, усе спрэчкі адносна вынікаў выбараў мусяць вырашыцца да 12 сьнежня, так што ўдзел прадстаўнікоў штату Флярыда ў паседжаньні калегіі выбаршчыкаў, якія, уласна, абіраюць прэзыдэнта, апынуўся пад пагрозай. Адвакаты Гора могуць, насуперак прэцэдэнтнаму праву, настойваць на працягу справы, паколькі судзьдзя Солз вынес сваё рашэньне праз 27 дзён пасьля выбараў – піша Wall Street Jornal in Europe.

Тым часам, акруговы суд у Атлянце (штат Джорджыя) мусіць сёньня разгледзець скаргу прыхільнікаў Буша, якія таксама патрабуюць перагляду вынікаў галасаваньня. У гэтым штаце зь невялікім адрывам перамог Эл Гор. Скаргу прыхільнікаў Гора разглядае яшчэ адзін акруговы суд у Сэміноле на Флярыдзе.

Сёньняшняя New York Times піша, што рашэньне суду ў Талагасі можа азначаць пачатак заканчэньня амэрыканскай электаральнай мэлядрамы на мяжы тысячагодзьдьзяў.
На думку газэты, паводзіны Гора, які вырашыў абскардзіць рашэньне акруговага судзьді, не выглядаюць нечаканымі ў ягоным становішчы. У агульнанацыянальным маштабе ён набраў больш галасоў, чымся, напрыклад, Роналд Рэйган, калі быў абраны на другі тэрмін. Гор можа застацца кандыдатам у прэзыдэнты, які набраў найбольшую колькасьць галасоў сярод тых, хто прайграў прэзыдэнцкія выбары за ўсю гісторыю ЗША.

Іншая амэрыканская газэта – Washington Post, прыводзіць на сваіх старонках некаторыя меркаваньні амэрыканскіх палітыкаў. Сэнатар-дэмакрат Томас Дэшлі і кангрэсмэн Рычард Гэпхард, які ўзначальвае дэмакратычную меншыню ў кангрэсе, выступілі з сумеснай заявай адносна рашэньня Гора падаць апэляцыю: "Мы упэўненыя, што гэтая апэляцыя адпавядае закону Флярыды і амэрыканскай дэмакратыі. Жыцьцёва важна, каб кожны голас быў улічаны, і гэтыя выбары завершыліся як мага больш карэктна, каб амэрыканскі народ быў упэўнены, што наступным прэзыдэнтам стаў той кандыдат, які набраў найбольшую колькасьць галасоў".

Аднак, рэспубліканцы трымаюцца іншай думкі. Напрыклад, губэрнатар штату Агаё Боб Тафт сказаў, што Гор "мусіць цяпер сур'ёзна абдумаць магчымасць саступіць. Час прыступіць да нейкага разьвязаньня справы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG