Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Ад сёньняшняга дня на ініцыятыву Масквы паміж Грузіяй і Расеяй ўведзены візавы рэжым. У Грузііі гэта ўспрымаецца як санкцыя за празаходнюю пазыцыю Тбілісі.

Сваё рашэньне ўвесьці візавы рэжым з Грузіяй Крэмль тлумачыць тым, што цяпер празь мяжу на тэрыторыю Грузіі трапляюць чачэнскія паўстанцы, а гэта перашкаджае гэтак званай "антытэррарыстычнай апэрацыі".

Сёньняшнюю падзею я папрасіў пракамэнтаваць палітоляга
з Тбілісі Іўліяна Хаіндраву, які цяпер знаходзіцца ў Празе.

(Хаіндрава: ) "Ніякай нечаканасьці не было, таму што яшчэ летась, да таго, як зрабіцца прэзыдэнтам Расеі, Уладзімер Пуцін заявіў пра свой намер увесьці візавы рэжым з Грузияй і Азэрбайджанам. На фоне леташняга Стамбульскага саміту, дзе было вырашана вывесьці расейскія базы з тэрыторыі Грузіі, — гэта было ўспрынята як рэакцыя ў адказ з боку Расеі. Як жаданьне зрабіць ціск на Грузію, каб яна не настойвала на вывадзе расейскіх базаў.

Увядзеньне візаў у Грузіі расцэньваецца менавіта як санкцыі. Таму што даволі шмат грамадзянаў Грузіі едуць на заробкі ў Расею. Зразумела, што ў такой сытуацыі ўвядзеньне візавага рэжыму ня толькі ускладніць ім перасячэньне мяжы, але і зробіць складанай працу ў Расеі.

Таму ў Грузіі сёньняшняя падзея адназначна ўспрымаецца як санкцыя з боку Расеі на заплянаваны вывад расейскіх вайсковых базаў.

Сам Крэмль заяўляе, што гэта зроблена ў мэтах барацьбы з тэрарызмам і пранікненьня чачэнскіх байцоў на тэрыторыю Грузіі. Але не зусім зразумела, як візавы рэжым здолее перашкодзіць тым жа тэрарыстам, бо і цяпер, калі такія факты ёсьць, дык гэта – нелегальны пераход. І гэта - пераход насуперак жаданьню грузінскіх уладаў. Таму гэта толькі ўяўная падстава".

Гэта было меркаваньне Іўліяна Хаіндравы.

(Навумчык: ) "Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяпер ў Расеі знаходзяцца на заробках амаль паўмільёна грузінскіх грамадзянаў. Як сьцьвярджаюць супрацоўнікі расейскага кансуляту ў Тбілісі, у самым лепшым выпадку яны здолеюць выдаваць ня больш як 500 візаў за дзень, ды й тое – толькі з Новага году. А пакуль, у першы дзень, было выдадзена толькі 50 візаў.

Я запытаўся ў грузінскага палітоляга Іўліяна Хаіндравы, у якой ступені ўвядзеньне візаў можа паўплывааць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў краіне?

(Хаіндрава: ) "Становішча ў Грузіі дастаткова цяжкае. Найперш – у сацыяльным пляне. Але сацыяльная напружанасьць заўсёды можа перайсьці ў палітычную. І вось, ўлічваючы цяжкае эканамічнае, сацыяльнае становішча, ўвядзеньне візаў трэба ўспрымаць як сур"ёзны фактар. Таму што сапраўды, калі некалькі сотняў тысячаў грамадзянаў Грузіі згубяць магчымасьць зарабляць у Расеі, дасылаць грошы сваім сем"ям і блізкім у Грузіі і тым самым падтрымліваць іх, — гэта будзе дадатковы ўдар па грузінскіх уладах.

Але тут ёсьць і другі палітычны бок. Такім дзеяньнем Расея яшчэ больш адштурхоўвае ад сябе Грузію і выклікае яшчэ большую раздражнёнасьць сярод насельніцтва. Таму што,паўтараю, гэта расцэньваецца менавіта як карныя санкцыі, а мы, пры гэтым, ня ведаем, у чым жа мы гэтак вінаватыя перад Расеяй.

Таму ўвядзеньне візаў, з аднаго боку, можа адмоўна паўплываць на сацыяльным становішчы грамадзянаў. А з другога боку – Расея гэтым крокам дасягне адваротнага эфэкту, аддаляючы ад сябе ня толькі эліту, але і самыя шырокія слаі грузінскага грамадзства".

Гэта было меркаваньне грузінскага палітоляга з Тбілісі Іўліяна Хаіндравы.

Дадамо, што сярод галоўных праблемаў ва ўзаемадачыненьнях Грузіі з Расеяй адзначаюцца таксама заявы грузінскага кіраўніцтва пра магчымасьць далучэньня да НАТО і падтрымка праекту пабудовы касьпійскага нафтапроваду, які ня ўлічвае інтарэсы Расеі. Масква не адмаўляе, што падтрымлівае ўладу ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, якія дамагаюцца выхаду з Грузіі.

Дарэчы, для жыхароў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі візавы рэжым Масква зрабіла больш мяккім, што негатыўна было ўспрынята кираўніцтвам Грузіі.

XS
SM
MD
LG