Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Праект закону "Аб нацыянальнай сымболіцы", вынесены Ўладзімерам Пуціным на зацьверджаньне Дзяржаўнай Думе, акрэсьліў раскол ня толькі ў расейскім грамадзтве. Нават арыентаваныя на Маскву беларускія палітыкі не разумеюць, якім чынам музычны твор Аляксандрава можа йснаваць у дзьвюх іпастасях — як гімн Расеі і як музычная застаўка Саюзу Расеі ды Беларусі…

Пад час гарачых спрэчак у расейскіх СМІ наконт мэтазгоднасьці рэанімацыі аднаго з галоўных сымбаляў таталітарнага СССР — савецкага гімну — той факт, што твор Аляксандрава ўжо зьяўляецца гімнам Саюзу Расеі ды Беларусі — ня ўзгадваецца ані ўскосна, ані наўпрост.

Відавочна, расейскае грамадзтва не зусім у курсе таго, што адбываецца ў справе "саюзнага будаўніцтва". Калі да пятніцы пра гэты нюанс ніхто не ўспомніць, парлямэнтарыі абедзьвюх краінаў могуць апынуцца ў даволі няёмкім становішчы. Хоць, напрыклад, намесьнік старшыні камісіі "Палаты прадстаўнікоў" па сувязях з СНД Сяргей Касьцян лічыць, што такое супадзеньне "не сьмяротнае":

(Касьцян: ) "Сапраўды, Парлямэнцкі сход Саюзу Расеі ды Беларусі два гады таму пастанавіў лічыць да моманту стварэньня афіцыйнага Саюзу (з агульным парлямэнтам, урадам, палітычнымі надбудовамі) у якасьці гімна Парлямэнцкага сходу музыку Аляксандрава. Пасьля канчатковага яднаньня пытаньне наконт агульнага гімну будзе адкрытае. Тое, што гімн Савецкага Саюзу будзе гучаць, так бы мовіць, двойчы — я ў гэтым ня бачу нічога дрэннага".

Зразумела, — зазначыў Сяргей Касьцян, — наконт далейшага лёсу музыкі Аляксандрава ў ворганах расейска-беларускага саюзу зь беларускім бокам ніхто ня раіўся.

У адрозьненьне ад дзяржаўных інтэгратараў, кіраўнік беларускага Калегіюму, кандыдат філязофіі Алесь Анціпенка бачыць карані прагі да таталітарнае мінуўшчыны ў наступным.

(Анціпенка: ) "Спроба ў Расеі замяніць гімн – гэта паказальнік таго, што стан рэфармаванасьці грамадзтва ў Расеі даволі праблематычны. Гэта азначае, што існуюць такія даволі вялікія маргінальныя групоўкі, якія маюць комплекс настальгічных пачуцьцяў. Ясна, што, па-перашае, гэта камуністы, а таксама вялікая колькасьць людзей, якія падтрымліваюць камунізм ня толькі ў яго цяперашнім выглядзе ў Расеі, але і ў мінулым. Дзьвюхгаловы арол, расейскі і савецкі гімн – усё гэта сымболі імпэрскасьці. Таму з гэтага пункту гледжаньня тут няма вялікіх супярэчнасьцяў. Супярэчнасьці ёсьць толькі ў тым сэнсе, што гэта – пэўная параза нейкіх рэфарматарскі памкненьняў, пэўная рэстаўрацыя мінулага. Што адбываецца зараз у Расеі".

Сваё бачаньне акрэсьліў Алесь Анціпенка.

Афіцыйная вэрсія Крамля, згодна зь якой перавага аддадзена, напрыклад, ня Глінку, а менавіту Аляксандраву, — быццам, у рэдкай магчымасьці зблізіць паміж сабой розныя пласты расейскага грамадзтва.

На самрэч вяртаньне савецкага сымбалю адразу ж палярызавала грамадзкую думку. Не пасьпеў учора Пуцін выступіць з тэлезваротам, як дзясяткі вядомых дзяячоў культуры (бадай, апроч народнае артысткі СССР Людмілы Зыкінай) пачалі абурацца прэзыдэнцкай ініцыятываю.

Аднак расейскі прэзыдэнт у гэтым пытаньні спадзяецца выключна на заканадаўцаў. Папярэдне супраць наданьня дзяржаўнага статусу экс-савецкаму гімну выступаюць толькі думскія фракцыі СПС і "Яблоко". Вось што думае на гэты конт кіраўнік фракцыі СПС у Дзяржаўнай думе Барыс Нямцоў:

(Нямцоў: ) "Ясна, што гэты закон атрымае неабходную колькасьць галасоў. Адзіны чалавек, які здольны паставіць заслону на шляху праходжаньня гэтага шкоднага для прэзыдэнта й краіны ўвогуле закона — сам прэзыдэнт. Ён можа яго, напрыклад, не падпісаць. Я разумею, наколькі неверагоднай зьяўляецца падобная канструкцыя, але калі б ён так зрабіў, гэта быў бы мужны грамадзянскі ўчынак".

Гэта было меркаваньне расейскага палітыка Барыса Нямцова.

Галасаваньне наконт гімна Расейскае Фэдэрацыі прызначанае на пятніцу. Некаторыя аналітыкі схільныя лічыць, што загадзя прадказальнае рашэньне можа стацца пачаткам канца бачнасьці дэмакратычных пераўтварэньняў у Расеі.

XS
SM
MD
LG