Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Сёньня ў Менску ў Нацыянальнай акадэміі навук распачала працу другая сэсія трэцяга міжнароднага кангрэсу беларусістаў. Тэма навуковае гаворкі ейных удзельнікаў – "Беларуская культура ў дыялёгу цывілізацый"…

"Тэма паседжаньняў цяперашняе сэсіі Кангрэсу беларусістаў невыпадковая: наступны год абвешчаны UNESCO годам дыялёгу цывілізацыяў, што ёсьць непасрэднаю рэакцыяй міжнароднае культурнае супольнасьці на працэсы глябалізацыі,"-- сказаў пры адкрыцьці сэсіі прэзідэнт міжнароднае асацыяцыі беларусістаў прафэсар Адам Мальдзіс.

Пры гэтым ён пакінуў без адказу пытаньне, наколькі надзённаю ёсьць гэтая праблема для беларускае культуры. Але ўжо зь першых выступаў стала зразумелае практычнае значэньне абранае тэмы. Акрэсьліў яго сваім пытаньнем да прэзыдэнта Нацыянальнае акадэміі навук Міхаіла Вайтовіча маскоўскі беларусіст Аляксей Каўка.

Спадар Вайтовіч у сваім прывітаньні Кангрэсу гаварыў пра клопат Акадэміі ў справе захаваньня беларускае мовы і культуры, а Аляксей Каўка спытаўся ў прэзыдэнта, чаму Акадэмія вось ужо больш як дзесяць гадоў пярэчыць усталяваньню ля яе галоўнага ўваходу помніка Францішку Скарыну. На што спадар Вайтовіч адказаў, што "Паставіць помнік Скарыну на прыступках галоўнага корпусу акадэміі –гэта значыць памяняць вонкавае аблічча помніка архітэктуры, якім зьяўляецца гэты будынак, што супярэчыць закону".

Але недзе наўзбоч акадэміі мы, маўляў, не пярэчым. Ці задаволены спадар Каўка гэткім, так бы мовіць, дыялёгам спадчыннай ды сучаснае цывілізацыяў?

(Каўка: ) "Але нават з таго бачыцца, што шаноўны прэзыдэнт паразважаў над гэтым пытаньнем, я зразумеў, і за гэта яму – дзякуй. Справа адкрыцьця помніка не безнадзейная, будзем спадзявацца, што ён паўстане ў належным месцы, будзе пазіраць на беларускі народ".

Практычны аспэкт разгляданае праблемы акцэнтавала ў сваім спавешчаньні і беларусістка з бліжэйшае заходняе краіны. Загадчык катэдры ўнівэрсітэту ў Беластоку Эльжбета Смулкова, гаворачы пра ўзаемаабумоўленьне эўрапейскай і самабытнай культураў, рэзюмавала, што сутнасьць праблемы пагрозы для нацыянальнай культуры Беларусі не ў глябалізацыі, якой пазьбегнуць немагчыма, а ў тым, наколькі носьбіты гэтае культуры да яе прывязаныя, наколькі даражаць ёю. Што прагучэла з вуснаў такога даўняга і абазнанага спэцыяліста, як трывога за будучыню беларускае культуры. Ці так гэта. Гаворыць прафэсар з Польшчы Эльжбета Смулкова.

(Смулкова: ) "Нотка трывогі выцякае з таго, што ўмовы жыцьця даволі цяжкія, у зьвязку з тым, што абсалютна неабходныя эканамічныя рэформы не было ў час зробленыя. А культура адным духам не жыве, хаця належыць да сфэры духу, але ж патрабуе сродкаў. І гэтая трывога выцякае з пэўнага недахопу сродкаў і, можа, з пэўнага такога здаваньня некаторых пазыцыяў творцамі, чаго ніколі нельга рабіць. У цяжкія моманты большая мабілізацыя можа мець значэньне для цэлага грамадзтва".

На Кангрэс прыехалі таксама дасьледнікі беларускае культуры і гісторыі зь Венгрыі, Вялікай Брытаніі, Латвіі, Літвы, Славакіі, Чэхіі, Швайцарыіі і нават Японіі. Свае пісьмовыя спавешчаньні надаслалі беларусісты зь Нямеччыны, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Казахстану і Канады.

Заўтра другая сэсія трэцяга Міжнароднага кангрэсу беларусістаў працягне працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG