Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Cёньня адбылося апошняе паседжаньне гэтак званага Савету Рэспублікі, але Аляксандар Лукашэнка ня ўнёс яму на зацьверджаньне кандыдатуру новага генэральнага пракурора Віктара Шэймана — апошні быў прадстаўлены калектыву Пракуратуры Беларусі бяз згоды верхняе палаты — насуперак лукашэнкавае Канстытуцыі.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка асабіста прадставіў апарату Пракуратуры Беларусі прызначанага тыдзень таму генэральным пракурорам Віктара Шэймана. У адпаведнасьці са зьмененай у 1996 годзе Канстытуцыяй даваць згоду на прызначэньне новага генпракурора мусіць гэтак званы "Савет Рэспублікі". Сёньня прайшло ягонае апошняе (у цяперашнім складзе) паседжаньне, і некаторыя думалі, што верхняя палата будзе якраз зацьвярджаць Віктара Шэймана на новай пасадзе.

Але ў "Савет Рэспублікі" дагэтуль не прыйшлі патрэбныя дакумэнты з прэзыдэнцкай адміністрацыі. Чаму? — спытаў я старшыню камісіі міжнародных справаў ды нацыянальнае бясьпекі гэтае палаты Міколы Чаргінца…

(Чаргінец: ) "Мы ўпэўненыя, што гэтыя дакумэнты паступяць ад прэзыдэнта, але ўжо ўхваліць іх новы склад "Савету Рэспублікі", як вядома, першая сэсія якога прызначаная на 19 сьнежня. Гэта пытаньні не да нас — калі б паступілі дакумэнты, мы б іх разгледзелі, вядома", — зазначыў спадар Чаргінец.

Ён быў больш заклапочаны сёньня праектам закону "Пра інфармацыйную бясьпеку", пра што й дакладваў на апошнім паседжаньні. Гэты закон будзе прымаць новы склад гэтак званага "Нацыянальнага сходу", але Мікола Чаргінец вырашыў папярэдзіць усіх з трыбуны:

"Супраць нашае краіны вядзецца адкрытая — трэба прама прызнаць — інфармацыйная вайна з боку краінаў Захаду й ЗША", — заявіў спадар Чаргінец, які лічыць, што пра такую інфармацыйную вайну сьведчаць апошнія рэзалюцыі Кангрэсу ЗША на беларускую тэму, а з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў гэтая вайна толькі ўзмоцніцца.

Ёсьць і яшчэ адна заходняя небясьпека для Беларусі, мяркуе старшыня камісіі "Савету Рэспублікі":

"Інтэнсыўны, але цалкам неўрэгуляваны ды некантраляваны працэс кампутарызацыі, інфарматызацыі нашае краіны разам з атрыманьнем карыснае, неабходнае для разьвіцьця грамадзтва інфармацыі вядзе да напаўненьня інфармацыйнае прасторы матэрыяламі, што адмоўна ўзьдзейнічаюць на сыстэму абароны грамадзтва ад іхных нэгатыўных наступстваў", — паведаміў з трыбуны "Савету Рэспублікі" Мікола Чаргінец, растлумачваючы неабходнасьць закону "Пра інфармацыйную бясьпеку".

Верхняя палата пасьпела сёньня за адну гадзіну паслухаць разьвітальную прамову сьпікера Паўла Шыпука ды ўхваліць зьмену ў законе пра статус сталіцы Рэспублікі Беларусь. Сутнасьць гэтае зьмены ў тым, каб дазволіць старшыні сталічнага гарадзкога выканаму стаць сябрам "Савету Рэспублікі".

З гэтаю зьменаю зьвязаная яшчэ адна юрыдычная калізія — закон пра зьмену ў законе быў прыняты 28 лістапада "Палатаю прадстаўнікоў" 2-га скліканьня, а ўхвалены сёньня "Саветам Рэспублікі" 1-га скліканьня. Як жартуюць журналісты, атрымаўся "Нацыянальны сход–палутарка". Нават старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Лідзія Ярмошына не змагла сказаць, якога ж скліканьня "Нацыянальны сход" ухваліў сёньня зьмену ў законе пра статус Менску.

XS
SM
MD
LG