Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк атрымаў адказ ад кіраўніка Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына. Беларускаму парлямэнтарыю дасланыя копіі дакумэнтаў, якія афіцыйна пацьвярджаюць, што АБСЭ прызнае адзіным легітымным заканадаўчым ворганам Беларусі Вярхоўны Савет 13 скліканьня. Гэтыя дакумэнты патрэбныя дэпутату Нісьцюку дзеля таго, каб распачаць справу супраць старшыні расейскае Дзяржаўнае думы Генадзя Селязьнёва.

Дасланыя Ўладзімеру Нісьцюку дакумэнты ёсьць афіцыйнымі копіямі двух рашэньняў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Двойчы, у студзені 1997 і ліпені 1998 году, гэтая міжнародная арганізацыя вырашала, хто — Вярхоўны Савет 13-га скліканьня або «Палата прадстаўнікоў» 1-га скліканьня маюць права прадстаўляць парлямэнт Беларусі ў ПА АБСЭ. І двойчы рашэньне было на карысьць Вярхоўнага Савету.

Больш таго, дасланыя з Капэнгагэну даведкі (а менавіта там месьціцца штаб-кватэра Парлямэнцкай асамблеі) сьведчаць, што ў адпаведнасьці з Правіламі працэдуры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, чатыры дэпутаты Вярхоўнага Савету — Сямён Шарэцкі, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Нісьцюк і Віктар Хоміч, якія ўваходзяць у склад сталай беларускай дэлегацыі, маюць яшчэ й афіцыйны статус сяброў Парлямэнцкай асамблеі.

Згаданыя дакумэнты патрэбныя спадару Нісьцюку дзеля таго, каб распачаць судовую справу супраць сьпікера расейскае Дзяржаўнае думы Генадзя Селязнёва. Нагадаю, што 29 верасьня на зьезьдзе Саветаў у Менску расейскі сьпікер сказаў літаральна наступнае: «Расейскай дэлегацыі заўсёды бывае сорамна на тых жа парлямэнцкіх асамблеях АБСЭ, калі аб'яўляюць і даюць слова прадстаўніку Беларусі. Выходзіць, па сутнасці справы, самазванец з прозьвішчам Нісьцюк, які пачынае граміць сваю краіну…».

Уладзімер Нісьцюк гэтым пасажам вельмі абураны. Ён лічыць, што Генадзь Селязьнёў яго груба зьняважыў. Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) «Мне гэтыя паперы вельмі патрэбныя, таму што ў судзе ў Маскве мне прыйдзецца даказваць, што я не зьяўляўся самазванцам, калі выступаў з трыбуны Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Але цікава таксама тое, што спадар Севярын таксама бярэ на сябе абавязак правесьці пэрсанальную, асабістую размову са спадаром Селязьнёвым наконт таго, што ён зрабіў і прапануе мне, калі я лічу неабходным, самастойна паінфармаваць усе дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ аб тым, што адбылося. Я думаю, што гэтыя паперы лягуць у аснову майго грамадзянскага пазову да спадара Селязьнёва».

Гэта быў дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, сябра Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк.

XS
SM
MD
LG