Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага летась пры загадкавых абставінах намесьніка старшыні Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара, ужо не спадзяецца на беларускія сьледчыя ворганы. Яна зьвярнулася па дапамогу да міністра ўнутраных справаў Расеі Ўладзімера Рушайлы. Акрамя таго, яна мае намер патрабаваць ад старшыні Дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі Віктара Чыкіна, каб той прымусіў свайго намесьніка Аляксандра Зімоўскага папрасіць прабачэньня і даць абвержаньне сваіх ранейшых выказваньняў наконт зьніклых асобаў у Беларусі.

Зінаіда Ганчар атрымала адказ пракуратуры на просьбу дапытаць памочніка Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Посахава й вядучага праграмы дзяржаўнае тэлевізіі "Рэзананс" Аляксандра Зімоўскага ў справе яе мужа.

Сяргей Посахаў 22 ліпеня на пытаньне вядучага праграмы "Панарама": "Хто мае дачыненьне да выкраданьня людзей у Беларусі?", адказаў, што гэта — спэцслужбы. А Аляксандар Зімоўскі 1 кастрычніка ў сваёй праграме заявіў, што зьніклыя палітыкі сталі ахвярамі крымінальных "разборак".

Пракуратура адказала, што у Сяргея Посахава не было выказваньняў наконт дачыненьня спэцслужбаў да выкраданьня менавіта Віктара Ганчара. Аляксандра Зімоўскага пракуратура таксама ня лічыць патрэбным дапытваць, бо ў ходзе сьледзтва адпрацоўвалася вэрсія дачыненьня крымінальных структураў да выкраданьня Віктара Ганчара, але не пацьвердзілася.

Гаворыць Зінаіда Ганчар:

"Я прасіла сьледчага высьвятліць у Посахава, якія менавіта спэцслужбы маюць дачыненьне да выкраданьня майго мужа. Ён жа казаў, што гэта была адзіная плянавая апэрацыя ў выкраданьні людзей. А адказ наконт Зімоўскага дае падставу меркаваць, што той за год да эфіру запісвае сваю праграму. Я лічу, што гэта сьвядомы паклёп з мэтаю псыхічнага ціску на сваякоў выкрадзеных людзей і на грамадзкую сьвядомасьць. Я буду пісаць Чыкіну, каб той высьветліў у свайго падначаленага — адкуль у яго такая інфармацыя? У пракуратуры спасылаюцца на тое, што інфармацыя тычылася Батурына. А што мне да таго Батурына? Зь ім нічога ня здарылася…"

Зінаіда Ганчар зьвярнулася па дапамогу да міністра ўнутраных справаў Расеі Ўладзімера Рушайлы. Вось што яна распавяла радыё Свабода:

(Зінаіда Ганчар: ) "Мне стала вядома, што ліст, які я раней даслала Пуціну, быў перададзены для разгляду спадару Рушайлу. Я яшчэ раз зьвярнулася да Рушайлы, каб ён паспрыяў расьсьледваньню справы майго мужа. Вядома, мне хацелася б, каб у Расеі цалкам заняліся гэтымі злачынствамі. Лукашэнка неяк заявіў, што Зьмітра Завадзкага будуць шукаць, бо ён беларускі хлопец. Нешта ён хутка пазбавіў Ганчара беларускага грамадзянства… Гэта яшчэ адна з прычынаў — чаму я зьвярнулася да Рушайлы. Я так зразумела, што з астатнімі пытаньне вырашанае. З чым гэта зьвязана, чым гэта патлумачыць? Гэта ўжо пытаньне не да мяне".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG