Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Суд Фрунзэнскага раёну Менску адмовіўся разглядаць пазоўную заяву лідэра Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоля Лябедзькі супраць Аляксандра Лукашэнкі. На думку старшыні суду, спадар Лукашэнка не паклёпнічаў на апазыцыйнага палітыка, кажучы, што лідэр АГП атрымлівае грошы з-за мяжы.

Гэтая гісторыя пачалася сёлета 15 кастрычніка, калі, выступаючы перад журналістамі на адным з выбарчых участкаў Менску, Аляксандар Лукашэнка даваў ацэнку апазыцыйнай акцыі за байкот выбараў. Лукашэнка, у прыватнасьці, заявіў, што на гэтай маніфэстацыі прысутнічалі амбасадары заходніх краінаў і міжнародных структураў дзеля таго, каб паглядзець, наколькі плённа Анатоль Лябедзька выкарыстоўвае паўтары тысячы даляраў, нібыта атрыманых ім на арганізацыю шэсьця й мітынгу.

Неўзабаве пасьля гэтага выступу Анатоль Лябедзька падаў пазовы ў суды Партызанскага й Фрунзэнскага раёнаў Менску з просьбаю прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці за паклёп і спагнаць зь яго матэрыяльную кампэнсацыю памерам 1500 даляраў. (Гэтыя грошы Анатоль Лябедзька зьбіраўся перадаць адной зь дзіцячых мэдычных установаў.) Партызанскі суд пазоў лідэра АГП не прыняў, спаслаўшыся на тое, што грамадзянін Лукашэнка на тэрыторыі раёну не жыве, а ў Фрунзэнскім заяву прынялі.

І вось больш чым празь месяц Анатоль Лябедзька атрымаў адказ. Адная з судзьдзяў і старшыня суду спадар Гілеп паведамляюць, што пазоў ня можа быць прынятым да разгляду, бо "словы спадара Лукашэнкі, ёсьць уласнай думкаю афіцыйнай асобы, выказанай ім у стылі адкрытае грамадзкае дыскусіі".

Анатоль Лябедзька так пракамэнтававў гэты адказ суду:

(Лябедзька: ) "Вельмі дзіўны адказ. Гэта – фактычна не юрыдычны адказ, нават не паліталягічны. Ён больш мэдыцынскі. Фактычна адбываецца, што Лукашэнка проста баіцца. Прабачце, дурняў-судзьдзяў прымушаюць проста пісаць абсалютна непрафэсійныя адказы. Адказ, які я атрымаў, я лічу сваёй вялікай перамогай. Адказ сьведчыць, што ў нас няма судовай сыстэмы, і Лукашэнка проста – махляр, ілгун, які проста баіцца нават у сваім судзе дапусьціць да разгляду гэтую справу".

Лідэр АГП перакананы, што рашэньне не прымаць да разгляду ягоны зыск прымалася не ў судзе, а ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гэта далі яму зразумець у судзе, калі спадар Лябедзька цікавіўся лёсам сваёй заявы. Тым ня менш, Анатоль Лябедзька зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне у Менскім гарадзкім, а калі спатрэбіцца — дык і ў Вярхоўным судзе Беларусі.

XS
SM
MD
LG