Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прысуд экс-прэм'еру Міхаілу Чыгіру адменены, ягоная справа вернутая на дсьледаваньне ў пракуратуру. Такое рашэньне сёньня прыняў Вярхоўны суд Беларусі, дзе разглядалася касацыйная скарга Міхаіла Чыгіра.

Сёньня экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір і ягоныя адвакаты дамагліся адмены прысуду гарадзкога суду Менску, які ў траўні прызнаў Чыгіра вінаватым ў службовым злоўжываньні і асудзіў яго на тры гады ўмоўнага зьняволеньня. Старшыня суду Міхаіл Кашко абгрунтаваў адмену прысуду немагчымасьцю на падставе сабраных сьледчымі доказаў ані апраўдаць, ані прызнаць Чыгіра вінаватым. Справа вяртаецца, але не на паўторны разгляд ў гарадскі суд, як прасіў пракурор, а ў пракуратуру на дасьледаваньне. Міхаіл Чыгір не выключае, што паўторнага суду ўвогуле ня будзе.

(Чыгір: ) "Я лічу, што новага суду ня будзе".

Заявіў Міхаіл Чыгір.

У сваім камэнтары для журналістаў ён выказаў падзяку ў першую чаргу адвакатам, якія, на ягоную думку, здолелі даказаць суду неабгрунтаванасьць аргумэнтаў сьледзтва. Той факт, што аргумэнты адвакатаў ўсё ж ня мелі вынікам апраўданьне, Міхаіл Чыгір патлумачыў наступным чынам:

(Чыгір: ) "Калі б суд дзейнічаў незалежна, то ён бы мяне апраўдаў. Яны сньня атрымалі поўную інфармацыю, што ніякіх проціпраўных дзеяньняў з майго боку не было. Але ж склалася такая сытуацыя, калі і прысудзіць нельга, і апраўдаць таксама. Таму вось такое рашэньне – як бы ні вашым, ні нашым. На дарасьсьледаваньне. У прынцыпе, я задаволены гэтым рашэньнем".

(Карэспандэнт: ) "Зараз Вашую справу будзе расьсьледаваць пракуратура, якую ўзначальвае Шэйман, той самы Шэйман, зь якога і пачыналася…"

(Чыгір: ) "Так, справа пачыналася з Шэймана. Зараз Шэйман – генэральны пракурор, але ж я думаю, што ў пракуратуры вельмі шмат разумных людзей, і ўсе добра разумеюць, што адбываецца. Пакуль што ў мяне няма падставы лічыць, што дзеяньні пракуратуры, у першую чаргу генэральнага пракурора будуць неабгрунтаванымі".

Міхаіл Чыгір пацьвердзіў сваё ранейшае рашэньне ўдзельнічаць ў прэзыдэнцкіх выбарах, калі ня знойдзецца кандыдат ад апазыцыі, якому б ён давяраў і мог саступіць права змагацца з Аляксандрам Лукашэнкам за прэзыдэнцтва. Чыгір лічыць, што магчымасць перамагчы на гэтых выбарах ёсьць. Дзяржаўны апарат, на ягоную думку, паступова адварочваецца ад Лукашэнкі, бо бачыць тупіковасьць ягонага курсу.

Варта адзначыць, што сёньняшні касацыйны разгляд справы Чыгіра прайшоў у на дзіва сьціслыя тэрміны – судзьдзям хапіла чатырох гадзінаў, каб выслухаць бакі, і толькі гадзіну яны рыхтавалі рашэньне. Цікаўнасьць да працэсу праявілі многія лідэры аб'яднанай апазыцыі, ў тым ліку Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык. За судом назіралі таксама замежныя дыпляматы, сярод якіх вылучаўся амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак. Вось як ён пракамэнтаваў убачанае.

(Козак: ) "Для мяне цікава было назіраць за беларускім судом, асабліва за тым, што пракурор ня выказаў ніякіх аргумэнтаў на карысьць сваёй пазыцыі, а ўсе аргумэнты гучалі толькі ад абароны Міхаіла Чыгіра," – сказаў Майкл Козак.

Ён падзяляе задаволенасьць экс-прэм'ера Чыгіра адносна вынікаў касацыйнага разгляду.

Абаронцы Чыгіра Аляксандар Пыльчанка, Юлія Чыгір і Барыс Гюнтар мяркуюць, што новае судовае паседжаньне калі і адбудзецца, то не раней як праз год. Бо справу трэба расьсьледаваць зноў цалкам, прычым шукаць новыя доказы віны Чыгіра, а гэта спэцыялістам падаецца малапэрспэктыўным заняткам. Таксама ў кулюарах Вярхоўнага суду гучала меркаваньне, што справу вярнулі ў пракуратуру, каб там яе ціха пахаваць. Гэтыя высновы, аднак, адмовіўся камэтаваць прадстаўнік пракуратуры краіны Анатоль Юркевіч.

XS
SM
MD
LG