Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Ізраіль пагадзіўся на супрацоўніцтва зь нядаўна створаным міжнародным камітэтам, які мусіць расьсьледваць прычыны крызісу на Блізкім Усходзе. Ахвярамі гэтага крызісу цягам апошніх двух месяцаў сталі ўжо каля 300 чалавек – галоўным чынам, палестынцаў.

Рашэньне аб супрацоўніцтве з камітэтам было прынятае пасьля тэлефоннай размовы, якая адбылася ў ноч зь пятніцы на сыботу паміж ізраільскім прэм'ер-міністрам Эгудам Баракам і прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам – паведамляе брытанская газэта Financial Times.

Ізраільскі й палестынскі бакі дамовіліся аб міжнародным расьследваньні яшчэ ў кастрычніку – у якасьці кроку да разрадкі напружанасьці ў рэгіёне. Аднак, цягам апошніх тыдняў Ізраіль сьцьвярджаў, што ня будзе супрацоўнічаць з камітэтам, пакуль ня спыніцца гвалт на палестынскіх тэрыторыях.

У нядзелю афіцыйны прадстаўнік Барака, заявіў, што цяпер Ізраіль гатовы на поўнае і цалкам адкрытае супрацоўніцтва зь міжнародным камітэтам.

Разам з тым, умовы працы й паўнамоцтвы гэтага камітэту яшчэ ня вызначаныя, і гэта застаецца прадметам перамоваў паміж бакамі.

Камітэт узначальвае Джордж Мітчэл – былы сэнатар ЗША, які вёў перамовы паміж удзельнікамі канфлікту ў Паўночнай Ірляндыі. Сярод сябраў камітэту – таксама міжнародны каардынатар Эўрапейскага Зьвязу Гаўер Саляна.

Ізраіль сьцьвярджае, што ў апошнія дні хваляваньні на Заходнім Беразе Ярдану і ў сэктары Газа зьменшыліся. Аднак, у гэты ўікэнд ізраільскія жаўнеры застрэлілі яшчэ двух палестынцаў. Прычым адзін зь іх быў электрыкам, які працаваў са сьвярдзёлкам. Ізраільскія вайскоўцы цьвердзяць, што яго памылкова прынялі за аўтаматчыка.

Тымчасам, як піша газэта International Herald Tribune са спасылкай на ізраільскія мэдыі, адзін зь лідэраў кіруючай Партыі працы Аўрагам Бург можа зьмяніць Эгуда Барака на ягонай пасадзе кіраўніка партыі, калі мірныя перамовы не прынясуць посьпеху да заканчэньня тэрміну прэзыдэнцтва Клінтана.

Як вядома, Барак прапанаваў паэтапны мірны плян, які прадугледжвае прызнаньне палестынскай дзяржавы ў абмен на захаваньне кантролю над ключавымі тэрыторыямі – у прыватнасьці, прадмесьцямі Ерузаліму.

Лідэр палестынцаў Ясір Арафат у часе свайго візыту ў Аб'яднаныя арабскія эміраты абверг паведамленьні аб тым, што зь ягонага боку пачаліся сакрэтныя перамовы зь Ізраілем. Ён дадаў, што паўстаньне будзе працягвацца да таго часу, пакуль палестынскі народ не дасягне сваёй мэты. "Палестынцы гатовыя да любых зьменаў," – заявіў Арафат.

Адной з такіх зьменаў можа стаць вяртаньне да ўлады папярэдніка Барака – Бэн'яміна Натан'ягу. Барак, які летась перамог на выбарах, быў абраны на чатыры гады, аднак парлямэнт пастанавіў нядаўна правесьці датэрміновыя выбары. Натан'ягу вярнуўся ў нядзелю ў Ізраіль з замежнай паездкі, аднак, пакуль невядома, ці плянуе ён вярнуцца ў палітыку," – піша International Herald Tribune.

Між тым, сёньня ў раёне Бэтлеема аднавіліся сутыкненьні паміж палестынцамі й ізраільцянамі. Пасьля таго, як палестынцы абстралялі так званую магілу Рахілі, ізраільскія гэлікоптэры нанесьлі ў адказ ракетны ўдар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG