Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Анонс культурных падзеяў на тыдзень — з 4 да 10 сьнежня.

У ПАНЯДЗЕЛАК у Менску ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Францішка Скарыны адчыняецца выстава мастакоў беларускага замежжа. Экспазыцыю складаюць жывапісныя творы Вячаслава Ігнаценкі з Кішынёва ды парыжаніна Міхася Навумовіча. Гэты сёньняшні вэрнісаж ёсьць прадмоваю да галоўнае заўтрашняе падзеі.

У АЎТОРАК а 10-й раніцы распачынае працу другая сэсія Трэцяга міжнароднага кангрэсу беларусыстаў. Ягоныя паседжаньні цягам двух дзён будуць праходзіць у канфэрэнц-залі Нацыянальнай акадэміі навук. А ўвечары аматары беларускае паэзіі маюць шанец сустрэцца адразу з двумя выбітнымі сучаснымі талентамі. Дом літаратара прэзэнтуе альбом лірычных песьняў пад назовам "Зорка спагады", якія на вершы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна напісаў бард Алесь Камоцкі. А ў бібліятэцы імя Янкі Купалы Беларускі калегіюм прадстаўляе паэта-філёзафа Алеся Разанава зь ягонай новаю кніжкаю "Гліна. Камень. Жалеза."

Меламаны ж маюць вялікія шанцы задаволіць свае густы ва ўсе астатнія дні тыдня…

У СЕРАДУ адчыняецца другі рэспубліканскі фэст рок-гітарыстаў пад назовам "Грыфаманія 2000". Цягам двух дзён у Палацы культуры менскага трактарнага заводу сваім майстэрствам будуць радаваць Андрэй Казлоўскі з "Сузор'я", Сяргей Трухановіч з "Крамы" ды іншыя айчынныя рок-зоркі й маладыя гітарысты.

Да сур'ёзнае гаворкі запрашае ў ЧАЦЬВЕР Літаратурны музэй Янкі Купалы, які 7–8 сьнежня ладзіць пятую міжнародную навуковую канфэрэнцыю. Яе сёлетняя тэма — "Ад тутэйшасьці да нацыянальнасьці. Янка Купала й праблемы беларускага самапазнаньня". А ўвечары ў канфэрэнц-залі музэю пройдзе нямецка-беларуская паэтычная імпрэза "Каардынаты быцьця" з удзелам Эльке Эрб, Норбэрта Гумэльта, Анатоля Вярцінскага, Алеся Разанава ды Яна Чыквіна. Патрапіць на сустрэчу зь імі, праўда, могуць толькі ўладальнікі запрашальных квіткоў ад Інстытуту імя Гётэ ў Менску.

У ПЯТНІЦУ ў Воршы — "Вольныя танцы". Менавіта пад такім назовам агэнцыя "Лінія гуку" супольна зь Беларускаю музычнаю альтэрнатываю ладзіць тут канцэрт "Палацу", "Post scriptum"у ды іншых папулярных рок-гуртоў. Прыхільнікаў сучасных хрысьціянскіх сьпеваў запрашае канцэртная заля "Менск", дзе выступае гурт "Новы Ерусалім". Тэатралаў жа чакае камэрная заля купалаўцаў з адпаведным часу спэктаклем "Восеньская саната" паводле Бэргмана.

У СУБОТУ вольна таньчыць разам з "Палацам" ды "Акругаю вольнага мастацтва" зьбіраюцца ў Магілеве. А тым, хто пакуль што ня ўмее разьняволіць сябе ды абставіны, раім наведаць сэмінар-трэнінг у сядзібе Таварыства Беларускае Мовы. Сэмінар "Я магу жыць лепей" навучае жыць і адпачываць вольна.

Зрэшты, ня менш эфэктыўна робяць гэта й музыкі гурту "Крыві". І вы самі пераканаецеся ў гэтым, калі НЯДЗЕЛЬНЫ вечар праведзяце разам зь імі ў канцэртнай залі "Менск". Расчараваных прашу адгукнуцца да Валянціны Аксак на радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG