Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

(эфір 1 сьнежня)
Усясьветны дзень прафіляктыкі СНІДу, які адзначаецца сёньня, Гомельшчына сустрэла 210-цю новымі выпадкамі заражэньня вірусам імунадэфіцыту.

Паводле зьвестак абласнога цэнтру прафіляктыкі СНІДу, на 1 сьнежня ў нашым рэгіёне налічваецца дзьве 2 тысячы 318 ВІЧ-інфікаваных асобаў. Гэта складае 72 адсоткі ад усіх хворых у краіне.

Сумнае лідэрства па-ранейшаму ўтрымлівае Сьветлагорск, дзе агульная колькасьць захварэўшым перавысіла ўжо 1500 чалавек. За Сьветлагорскам ідуць Жлобін, Гомель, Акцябарскі раён. У два разы падвысілася колькасьць носьбітаў вірусу імунадэфіцыту ў Мазыры, на чвэрць — у Калінкавіцкім раёне.

Сёлета, як вядома, завершана прынятая ўрадам трохгадовая дзяржаўная праграма супрацьдзеяньня распаўсюджваньню ВІЧ-інфэкцыі. Аднак яна па-ранейшаму распаўзаецца па краіне. У прыватнасьці, у нашым рэгіёне толькі ў Ельскім і Чачэрскім раёнах (2 з 21) не зафіксавана ніводнага хворага на СНІД. У астатніх — яны выяўленыя.

Сыстэма аховы здароўя адчула ўжо й новую праблему, зьвязаную з наступствамі эпідэміі СНІДу. Яна тычыцца адсутнасьці сродкаў у мэдыцыны на адмысловую антывірусную тэрапію. Распавядае галоўны лекар Сьветлагорскага мэдычнага аб'яднаньня Сьвятаслаў Самошкін:

"Замежныя прэпараты надзвычай дарагія. Гадавы курс антывіруснае тэрапіі каштуе прыкладна 10–12 тысячаў даляраў, а айчынных лекаў мы пакуль ня маем", — сказаў спадар Самошкін.

Паводле словаў галоўнага лекара, сёлета ў Сьветлагорску ўжо тром хворым на СНІД неабходны антывірусныя прэпараты. Колькасьць такіх пацыентаў у бліжэйшы час яшчэ больш вырасьце.

Асобныя лекі для адмысловае тэрапіі сынтэзаваў сталічны інстытут неарганічнае хіміі, але, наколькі вядома, яны не прайшлі яшчэ клінічных выпрабаваньняў. Таму адмысловая тэрапія скарыстоўваецца толькі ў дачыненьні да ВІЧ-інфікаваных цяжарных жанчынаў, ад якіх, дарэчы, нарадзілася ў рэгіёне 116 дзяцей. Іншым сродкі на антывірусную тэрапію пакуль не прадугледжаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG